Сёння - суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам
- 4.05.2015, 7:39
Экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі пагражае ўзмацненне жорсткасці рэжыму.
4 траўня ў шклоўскай калоніі павінен адбыцца суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Асабістая справа палітыка складаецца з 5 тамоў, паведамляе «Радыё Свабода».
«Прыкладна палова дакументаў у справе - гэта заявы аб спатканні і іншыя хадайніцтвы, але вельмі шмат дакументаў з перапіскі з рознымі ўстановамі адносна парушэнняў правоў зняволеных, - распавяла журналістам дасведчаная крыніца. - І ў дачыненні працы, і ў дачыненні матэрыяльнага забеспячэння. Ён звяртаецца да розных момантаў, фіксуе іх, дамагаецца адказаў. Сістэма там вельмі закрытая: калі людзі там сядзяць, то іх скаргі фактычна застаюцца без увагі, а калі яны вызваляюцца, то ўжо не могуць давесці, што парушэнні былі. Статкевіч не здаецца. Вось і новая крымінальная справа, як ён уважае, часткова матываваная тым, што ён пісаў шмат скаргаў на ўмовы ўтрымання ў пракуратуру і іншыя ўстановы».
Напярэдадні адвакат пазнаёміўся з крымінальнай справай, заведзенай на Мікалая Статкевіча. «Справа складаецца са скаргі на яго аб замене ўтрымання ў калоніі на турэмны рэжым плюс рапарты аб «парушэннях», якія нібыта ён дапусціў. Першы рапарт - што ён быў апрануты не ў адпаведнасці з патрабаваннямі, калі прыехаў, і праз гэта паўстала спрэчная сітуацыя. Потым яго запрасілі піць гарбату, і ён затрымаўся на 5 хвілін пасля адбою, і гэта таксама палічылі за парушэнне, хоць зразумела, што сітуацыю стварылі невыпадкова.
Усе далейшыя парушэнні звязаныя з тым, што яго нагружалі вялікімі аб'ёмамі работы ва ўборцы тэрыторыі. Паводле закона могуць прымусіць гэтым займацца не больш чым 2 гадзіны ў тыдзень, а яго нагружалі па 42-45 гадзін - так была пабудаваная схема. З размоваў з іншымі зняволенымі высветлілася, што гэта рабілася спецыяльна супраць Статкевіча. Ён гэта палічыў парушэннем закона і звяртаўся да адміністрацыі з гэтай нагоды, але да яго не прыслухаліся, і тады ён адмовіўся ад працы. А паколькі ён адмовіўся працаваць, то на яго сталі складаць пратаколы штодня. Такіх актаў набралася 5-6, і гэта стала падставай для накіравання ў дачыненні да яго скаргі аб парушэнні турэмнага рэжыму. Гэта значыць, без высвятлення прычыны адмовы Статкевіча ад працы, яго сталі караць. Пазбавілі кароткатэрміновых, доўгатэрміновых спатканняў, перадач, сталі выносіць вымовы. Вось якая была схема», - кажа адвакат.
Паводле звестак са шклоўскай калоніі, на стан здароўя палітвязень не скардзіцца, адчувае сябе добра і гатовы да судовага працэсу.
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі на абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткім умовы і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.