Пасля Пуціна Мэркель сустрэнецца з Парашэнкам
- 8.05.2015, 18:29
13 траўня ў Бэрліне павінна адбыцца сустрэча прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
Пра гэта паведаміла ў пятніцу на брыфінгу намесніца афіцыйнага прадстаўніка нямецкага ўрада Крысціяне Вірц, піша "Еўрапейская праўда".
"У сераду а чатырнаццатай гадзіне канцлерка прыме для перамоваў прэзідэнта Пятра Парашэнку", - паведаміла яна.
Са слоў Вірц, прапанаваны наступныя тэмы для абмеркавання: сітуацыя на ўсходзе Украіны; ход выканання Менскіх пагадненняў; эканамічная, фінансавая сітуацыя, а таксама правядзенне рэформаў ва Украіне.
Трэба адзначыць, што 10 траўня Ангела Мэркель адправіцца з візітам у Маскву, дзе правядзе перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Раней паведамлялася, што на гэтых перамовах цэнтральнай тэмай таксама стане сітуацыя ва Украіне.
Прэс-сакратар Парашэнкі Святаслаў Цэгалка пацвердзіў сустрэчу, адзначыўшы, што візіт у Бэрлін не будзе доўгім - прэзідэнт прыпыніцца ў нямецкай сталіцы па дарозе ў горад Ахен, размешчаны на Захадзе Нямеччыны блізу мяжы з Бэльгіяй і Галандыяй.
"У Ахен Парашэнка едзе на запрашэнне прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца, там будзе магчымасць пагутарыць з першымі асобамі еўрапейскай палітыкі", - адзначыў Цэгалка. У Ахене павінна адбыцца традыцыйнае ўручэнне прэміі імя Карла Вялікага, лаўрэатам якой сёлета стаў Шульц.