Беларускія палітыкі падтрымалі прапанову аб адстаўцы Майры Моры
- 9.05.2015, 17:49
Прадстаўнікі большасці беларускіх палітычных партый падтрымліваюць ідэю адстаўкі кіраўніцы прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майры Моры.
Пра гэта яны заявілі, адказваючы на пытанне Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» падчас MediaBarCamp-2015, які праходзіць з 7 да 10 траўня ў Літве. Пытанне аб стаўленні да ініцыятывы кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углы было адрасаванае прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), кампаніі «Гавары праўду», беларускай партыі «Зялёныя» і БСДП (Грамада).
Як адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, Майра Мора на сваёй пасадзе распачала шэраг дзеянняў, накіраваных на падтрымку беларускіх праўладных ініцыятыў. Пры гэтым шматлікім грамадска-палітычным ініцыятывам у такой падтрымцы было адмоўлена. На думку Анатоля Лябедзькі, такая пазіцыя з'яўляецца сама менш дзіўнай, а таму асабіста ён падтрымлівае прапанову Марціна Углы.
На просьбу мадэратара дыскусіі выказацца тым, хто не падтрымлівае ідэю шведскага праваабаронцы, слова ўзяў толькі адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Ён устрымаўся ад дырэктыўнага адказу на пытанне, заявіўшы, што вызначаць, адпавядае або не займанай пасадзе кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, павінны ў Еўразвязе.
Нагадаем, раней экс-міністр замежных спраў Літвы, дэпутат Сэйма і намеснік старшыні камітэта замежных спраў літоўскага парламэнта Аўдронюс Ажубаліс падтрымаў патрабаванне кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углы аб адстаўцы кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Моры ў сувязі з «вычарпаннем крэдыту даверу».