Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення
- 11.06.2015, 16:08
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла кампанію ў падтрымку палітвязня.
Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення і разглядае прысуд яму як частку доўгатэрміновай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці з боку беларускіх уладаў.
Пра гэта арганізацыя паведаміла 10 чэрвеня, абвясціўшы тэрміновую акцыю для ягонага вызвалення Amnesty International заклікае міжнародную супольнасць напісаць звароты на імя Лукашэнкі і генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, даводзячы пры гэтым, што Юрый Рубцоў з'яўляецца вязнем сумлення, зняволеным выключна за барацьбу аб сваім праве на свабоду выказвання меркаванняў, патрабаваць ад беларускіх уладаў яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама спынення пераследу і запалохвання актывістаў грамадзянскай супольнасці і нагадаць ім аб іх абавязках у рамках міжнароднага права паважаць і абараняць права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый.
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі звяртае ўвагу, што беларускія праваабаронцы з самага пачатку пераследу грамадскага актывіста ўважалі яго за палітвязня і называе вельмі важным факт прызнання яго вязнем сумлення з боку Amnesty International.
«Гэта ў першую чаргу маральная падтрымка Юрыю Рубцову, які цяпер знаходзіцца ў такіх цяжкіх варунках, і якому суд вызначыў два гады калоніі. Прызнанне яго вязнем сумлення дазволіць перажыць яму гэты цяжкі час і захаваць сілу духу, - кажа Алесь Бяляцкі. - Я мяркую, што гэта сігнал міжнароднай праваабарончай грамадскасці беларускім уладам і беларускаму грамадству, што справа Юрыя Рубцова мае адназначна палітычны падтэкст».
На думку праваабаронцы, гэта таксама сведчыць і пра тое, што міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а Amnesty International з'яўляецца адной з самых уплывовых праваабарончых арганізацый у свеце, не аслабляюць увагу да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прадаўжаюць маніторынг і спрабуюць такім чынам паўплываць на несправядлівыя пастановы беларускіх уладаў.
Вязень сумлення Юры Рубцоў, актывіст з Гомеля, быў асуджаны судом Пружанскага раёна да двух гадоў пазбаўлення волі 28 траўня 2015 года. Гэта падоўжыла ягоны першапачатковы тэрмін, 18 месяцаў, да якога ён быў прысуджаны ў кастрычніку 2014 года за «абразу суддзі» (паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса). Паводле версіі абвінавачвання, Юрый Рубцоў адхіліў некалькі прапаноў працы ў адкрытай папраўчай установе ў Пружанскім раёне Берасцейскай вобласці, дзе адбываў першапачатковы тэрмін.
Юрый Рубцоў абвінавачваўся ў парушэнні артыкула 415 Крымінальнага Кодэксу («Ухіленне ад адбыцця пакарання»), але сведкі на судзе заявілі, што ён не адмаўляўся працаваць у прынцыпе, але рабіў гэта на знак пратэсту супраць нізкага заробку ў турэмнай сістэме. Актывіст абскарджвае гэтую пастанову і цяпер утрымліваецца ў следчым ізалятары ў горадзе Баранавічах.