BE RU EN

The Wall Street Journal: Санкцыі супраць Расеі могуць падоўжыць 22 чэрвеня

  • 15.06.2015, 9:55

Еўразвяз вывучае магчымасць прыняцця пастановы аб падаўжэнні санкцый супраць Расеі на сустрэчы міністраў замежных спраў у Люксембургу 22 чэрвеня.

Пра гэта паведамляе «Корреспондент» са спасылкай на The Wall Street Journal.

Унутры Еўразвязу фармуецца адзіная пазіцыя аб патрэбе падоўжыць санкцыі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў канцы ліпеня, яшчэ на паўгода, да канца студзеня.

Першапачаткова меркавалася разгледзець пытанне аб санкцыях на саміце ЕС 25-26 чэрвеня. Аднак цяпер ёсць імавернасць развязання гэтага пытання на сустрэчы кіраўнікоў МЗС, прычым без якога-небудзь абмеркавання, як чыста тэхнічнае пытанне.

Папярэдне тэма санкцый будзе абмяркоўвацца на гэтым тыдні на ўзроўні паслоў краін-чальцоў ЕЗ, і, калі не будзе пярэчанняў, то пытанне можа быць уключанае ў частку парадку міністэрскай сустрэчы, якая не прадугледжвае якіх-небудзь абмеркаванняў.

Як піша газета, у такім выпадку атрымаецца скараціць і без таго перагружаны парадак дня саміту ЕЗ, а таксама не выносіць зноў пытанне на ўзровень палітычных дыскусій.

Еўрапейская рада яшчэ ў сакавіку прыняла палітычную пастанову ўвязаць рэжым санкцый у дачыненні да Расеі з поўнай рэалізацыяй Менскіх пагадненняў. Пастанова аб падаўжэнні санкцый ЕЗ у дачыненні да Расеі можа быць прынятая да канца чэрвеня, казаў раней кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск.

Нагадаем, 11 чэрвеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў узмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі, калі менскія дамовы не будуць выконвацца і не будзе развязанае пытанне вяртання Крыма. Акрамя таго, у ЕП прапанавалі разгледзець магчымасць выдачы абарончага ўзбраення ды іншай вайсковай дапамогі Украіне.

Апошнія навіны