BE RU EN

Наталля Радзіна: Калі Лукашэнка заблакуе інтэрнэт, трэба тэрмінова ўводзіць санкцыі

  • 16.06.2015, 11:11

Змякчэнне пазіцыі Еўропы ў дачыненні да Лукашэнкі праз вайну ва Украіне вядзе да новых рэпрэсій у Беларусі. 

Прадстаўніцтва АБСЕ ў свабодзе слова арганізавала 15-16 чэрвеня ў Вене канферэнцыю «Бяспека журналістаў, свабода медыя і плюралізм падчас канфлікту». Нагодай для правядзення канферэнцыі сталі рэвалюцыя ва Украіне, акупацыя Расеяй Крыму і ўзброены канфлікт на Данбасе, якія спарадзілі ў краіне і вакол яе праблемы бяспекі журналістаў і прывялі да больш шырокіх наступстваў ва ўсім рэгіёне АБСЕ.

У гэтых варунках загінулі прынамсі восем чальцоў журналісцкага корпуса, а цягам апошніх 18 месяцаў паступілі паведамленні аб 300 з лішнім выпадках гвалту, пераследу, выкрадання, змяшчэння пад варту і запалохвання журналістаў і работнікаў СМІ. Мелі месца блізу 30 выпадкаў нападаў на рэдакцыі і тэлевізійныя станцыі, адбывалася блакіроўка сігналу і замена трансляваных перадач на іншыя каналы, дзясяткам журналістаў перакрываўся свабодны доступ да месца падзей, а расейскія сродкі масавай інфармацыі вядуць прапаганду вайны і нянавісці.

У сувязі з гэтым Прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч сабрала экспэртаў для аказання медыя арганізацыям і ўладам Украіны, а таксама іншым закранутым канфліктам рэгіёнам АБСЕ дапамогі ў пераадоленні найбольш распаўсюджаных і складаных праблем. Паводле вынікаў канферэнцыі будзе распрацаваны блок рэкамендацый, якія адлюстроўваюць перадавы досвед у галіне асвятлення падзей падчас канфліктаў і войнаў, забеспячэння бяспекі журналістаў, журналісцкай этыкі, процідзеяння прапагандзе і інфармацыйным войнам, рэгулявання СМІ і ўмацавання даверу паміж журналістамі, якія працуюць па розныя бакі канфлікту.

На канферэнцыі выступіла галоўная рэдактарка беларускага сайта charter97.org Наталля Радзіна, якая заявіла, што, хоць тэма мерапрыемства мае больш дачынення да вайны Расеі супраць Украіны, дзе сёння гінуць тысячы чалавек, аднак, гэты канфлікт непасрэдным чынам адбіўся на сітуацыі ў суседняй Беларусі.

«Цяжка абараніць журналістаў у час вайны, калі мы не можам гэта зрабіць нават у мірны час. Вайна ва Украіне непасрэдным чынам уплывае на сітуацыю ў Беларусі, бо на яе фоне сёння адбываецца змякчэнне пазіцыі Захаду ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. А гэта азначае для нас, беларусаў, толькі адно - узмацненне рэпрэсій унутры краіны. Нагадаю, што ў 1999 годзе, калі пры пасярэдніцтве АБСЭ Еўропа спрабавала «дамовіцца» з рэжымам Лукашэнкі, у Беларусі былі выкрадзеныя і забітыя лідары апазіцыі, а затым забіты журналіст Зміцер Завадскі. У 2010 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі Еўропа зноў пайшла на «дыялог» з Лукашэнкам, загінуў мой сябар і калега, заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін.

Сёння, калі Захад раптам ускладае нейкія надзеі на абсалютна прарасейскі рэжым у Беларусі, Лукашэнка мае намер заблакаваць незалежныя сайты. У Беларусі стала абсалютна немагчымай праца без акрэдытацыі, фрылансёры сёння прыроўненыя да правапарушальнікаў. Усякае змякчэнне пазіцыі дыктатар успрымае як карт-бланш на ўзмацненне рэпрэсій. У выпадку, калі Лукашэнка заблакуе незалежныя інтэрнэт-сайты, мы скоцімся да ўзроўню Паўночнай Карэі. Захад павінен неадкладна ўвесці санкцыі, а АБСЕ выкарыстоўваць усе рычагі ціску на дыктатуру ў Беларусі», - сказала журналістка.

Апошнія навіны