ЗША і ЕЗ паскораць працэс увядзення санкцый супраць Расеі
- 18.06.2015, 15:14
Шэраг расейскіх банкаў могуць адключыць ад сістэмы SWIFT.
У Вашынгтоне і Брусэлі прыйшлі да высновы, што галоўнай хібай ужо дзейных антырасейскіх санкцый была зацягнутасць працэдуры іх увядзення. Як распавялі АР амерыканскія ды еўрапейскія чыноўнікі, якія пажадалі захаваць ананімнасць, часавы разрыў у некалькі тыдняў паміж дзеяннямі Расеі, якія падлягаюць пакаранню, і уводам эканамічных абмежаванняў дазваляў Маскве да іх падрыхтавацца, піша РБК.
Новы падыход у рамках стратэгіі «санкцыі на чарзе» дазволіць увесці неадкладныя абмежаванні супраць энэргетычных і фінансавых сектараў расейскай эканомікі, калі баевікі на ўсходзе Украіны зробяць далейшыя агрэсіўныя дзеянні супраць кіеўскіх улад. Крыніцы АР сказалі, што на Захадзе асцерагаюцца, што ўлетку баевікі пры расейскай падтрымцы могуць пачаць наступ на Харкаў, Марыупаль або заняць тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, што яшчэ знаходзяцца пад кантролем украінскага ўрада.
У адміністрацыі прэзідэнта ЗША Барака Абамы намагаюць на каардынацыі захадаў у адказ з Еўропай, каб дасягнуць максімальнага эканамічнага эфекту. Аднак патрэба ўзгадняць санкцыі з усімі 28 чальцамі Еўразвязу прычыняецца да зацягвання працэсу іх увядзення. У рамках абноўленай стратэгіі абмежаванні будуць узгадняцца загадзя, што дазволіць іх уводзіць своечасова.
Усе будучыя санкцыі, са слоў крыніц АР, грунтуюцца на наступных прынцыпах: яны павінны чыніць Расеі большую шкоду, чым ЗША або кожнаму з чальцоў ЕЗ; быць лёгка рэалізаванымі ды эфектыўнымі.
Крайнім захадам за найбольш сур'ёзныя парушэнні, распавялі крыніцы агенцтва, стануць жорсткія фінансавыя санкцыі, у тым ліку адключэнне шэрагу расейскіх банкаў ад сістэмы SWIFT, што прыраўняе Расею да Ірану, пакараную за рэалізацыю сваёй ядзернай праграмы.
Мінімальныя абмежаванні прадугледжваюць пашырэнні чорнага спісу расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якім будзе забаронены ўезд на Захад і забаронена вядзенне бізнэсу ў заходніх краінах. Амерыканскія ды еўрапейскія чыноўнікі дадалі, што новыя захады будуць накіраваныя на абмежаванне экспарту расейскіх энэрганосьбітаў, адлучэнне расейскіх банкаў ад міжнародных фінансавых рынкаў і пазбаўленне расейскіх кампаній магчымасці весці прыбытковы бізнэс за мяжой.
Амерыканскі бок, са слоў крыніц АР, намагае на выкарыстанні захадаў, накіраваных супраць замежных філіялаў расейскіх кампаній, а таксама супраць новых сектараў эканомікі горназдабывальнай прамысловасці і машынабудавання. Абмежаванні ў сферы энэргетыкі могуць уключаць санкцыі супраць бізнэсу, які займаецца выведкай газавых радовішчаў або вытворчасцю і наладкай абсталявання для здабычы і транспартавання сланцавай нафты.
Крыніцы агенцтва пацвердзілі, што амерыканцы і еўрапейцы распрацоўваюць аднолькавы набор санкцый, хоць яшчэ і не прыйшлі да пагаднення, якога кшталту абмежаванні варта ўводзіць за канкрэтны тып парушэнняў. Аднак на Захадзе спадзяюцца, што ўсход Украіны атрымае больш аўтаноміі, што пакладзе канец гвалту і зробіць непатрэбнымі далейшыя санкцыі.
Аб распрацоўцы новых санкцыяў у Вашынгтоне і Брусэлі 12 чэрвеня паведамляў тэлеканал CNN са спасылкай на ананімныя крыніцы. Яны сцвярджалі, што абмежавальныя захады павінны закрануць расейскія фінансы, энэргетыку і абарону.
У пачатку чэрвеня на саміце G7 у Нямеччыне лідары вядучых індустрыяльных краін свету заявілі пра гатоўнасць увесці супраць Расеі новыя санкцыі, калі яна не будзе спрыяць выкананню менскіх пагадненняў або будзе заахвочваць далейшыя агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны.
Еўразвяз дапасаваў з выкананнем менскіх пагадненняў скасаванне эканамічных санкцый, уведзеных у ліпені 2014 года. Напярэдадні, 17 чэрвеня, упаўнаважаныя прадстаўнікі краін ЕЗ узгаднілі падаўжэнне гэтых санкцый на паўгода, да канца студзеня 2016 года. Гэтыя захады будуць зацверджаныя на сустрэчы еўрапейскіх міністраў замежных спраў, якая адбудзецца ў Люксембургу 21-22 чэрвеня.