BE RU EN

Джыбладзэ і Захарава: Катаванні ў дачыненні да ўдзельнікаў Плошчы дагэтуль не расследаваныя

  • 3.06.2015, 10:58

Расейскія праваабаронцы падрыхтавалі даклад аб сітуацыі ў Беларусі.

Прэзентацыя дакумента прайшла 2 чэрвеня ў Беларускім доме ў Варшаве. У ёй узялі ўдзел аўтары дакладу Юрый Джыбладзэ з Цэнтра развіцця правоў чалавека і Вольга Захарава, якая рэпрэзентавала арганізацыю «Freedom files». Вёў прэзентацыю кіраўнік польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі.

Фота: charter97.org

Юрый Джыбладзэ ў сваім выступе падвёў вынік чатырох з паловай гадоў, якія прайшлі пасля разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года ў Менску.

«Праз некалькі месяцаў адбудуцца новыя, так званыя, прэзідэнцкія «выбары» ў Беларусі, - нагадаў Юрый Джыбладзэ. - Гэта дае цяпер магчымасць паглядзець на тое, што адбылося цягам апошніх чатырох з паловай гадоў, пачынаючы з падзеяў 19 снежня 2010 года, ацаніць, наколькі эфектыўнымі або неэфектыўнымі былі дзеянні Еўрапейскага Звязу і міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі, і выпрацаваць рэкамендацыі, што трэба рабіць далей.

Сітуацыя з правамі чалавека і чалавечымі свабодамі ўвесь гэты час не толькі заставалася стабільна дрэннай, але і прадаўжала пагаршацца. Сістэмныя праблемы, якія існавалі яшчэ да 2010 года, на жаль, засталіся. Тыя падзеі, якія адбыліся на Плошчы і цягам наступных месяцаў - збіццё дэманстрантаў, масавыя адвольныя затрыманні, палітычныя працэсы над больш чым сарака зняволенымі, катаванні ў дачыненні да ўдзельнікаў Плошчы- засталіся не расследаванымі. Тыя, хто вызваліўся, прадаўжаюць ушчамляцца ў правах, а вінаватыя ў катаваннях і несправядлівых прысудах не панеслі адказнасці.

Быў прыняты цэлы шэраг рэпрэсіўных законаў, якія абмежавалі свабоду слова, свабоду сходаў і аб'яднанняў, павялічылі магчымасці іх гвалтоўнага падаўлення сіламі праваахоўных органаў і службаў бяспекі. Пачынаючы з вясны 2014 мы зноў бачым нарастанне рэпрэсій - прынамсі, прыцэльны ціск на журналістаў, адвольныя затрыманні дзясяткаў журналістаў, іх пераслед за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і беларускімі СМІ ў выгнанні, сістэмнае блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама забароны на выкарыстанне ананімайзэраў. Такім чынам, беларусы цалкам адразаюцца ад незалежных СМІ і - што важна менавіта ў кантэксце сітуацыі, звязанай з вайной, з Расеяй, яе агрэсіўнай палітыкай і прапагандай - застаюцца сам-насам з гэтым велізарным патокам атрутнай прапаганды».

Юрый Джыбладзэ падкрэсліў, што падзеі апошніх чатырох з паловай гадоў дазваляюць міжнароднай супольнасці характарызаваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як крызіс, які носіць сістэмны характар.

«Цяпер вельмі важна рэгулярна трымаць сітуацыю ў Беларусі ў полі ўвагі ААН, АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый і даваць ім дакладную ацэнку, - заявіў ён. - Здавалася б, які сэнс кожны год прымаць адны і тыя ж рэзалюцыі і слухаць дакладчыкаў, калі нічога не мяняецца да лепшага? Але мы мяркуем, што менавіта гэтыя ацэнкі, гэтыя рэзалюцыі і гэтыя даклады служаць, прынамсі, асновай для выпрацоўкі палітыкі еўрапейскімі дзяржавамі, ЕЗ агулам і больш шырокай міжнароднай супольнасцю ў дачыненні да Беларусі.

Нельга даць Лукашэнку звесці ўзаемадзеянне толькі да пытання пра палітвязняў, таму што гэта - ягоная класічная гульня ў закладнікі, якую ён ужо шмат разоў паспяхова рэалізоўваў. Хоць з гэтага трэба пачынаць, гэта мінімальныя базавыя патрабаванні. Але калі ўсё абмяжуецца толькі гэтым, то ён, у абмен на скасаванне санкцый і аднаўленне эканамічных стасункаў, вызваліць гэтых вязняў, а калі настане час, звязаны альбо з выбарамі, альбо з якой-небудзь іншай сітуацыяй, зноў арыштуе і асудзіць новую групу закладнікаў, і гэты цыкл будзе паўтарацца зноў і зноў.

Важна тое, што, на жаль, праз вайну ва Украіне і агрэсіўную палітыку Расеі, ЕЗ «купіўся», скажам так, на пазіцыянаванне Лукашэнкам сябе як важнага ўдзельніка міратворчага працэсу, і за гэтым рушыла ўслед зняцце часткі санкцый. Гэта велізарная праблема, бо такім чынам ЕЗ не толькі не выправіў праблем, якія існавалі яшчэ ў 2011-2012 годзе, але і фактычна ўзяў курс у адваротны бок.

Гэта, безумоўна, памылковая палітыка, бо ў выніку ЕЗ разлічвае, што Лукашэнка будзе крытыкаваць Расею, будзе выступаць за суверэнітэт Украіны, не будзе падтрымліваць анэксію Крыма. І, што самае галоўнае ў вачах ЕЗ - ён выступае нібыта гарантам суверэнітэту Беларусі ад магчымага кантролю, ад магчымай агрэсіі з боку Расеі. Гэта ўсё памылковыя думкі, бо ён не можа рэальна выступаць у гэтай якасці - гэта паспяховы блеф з ягонага боку, і ў выніку ЕЗ не атрымае ні захавання правоў чалавека ў Беларусі ды перспектыў рэфармацыі краіны, ні абароны Беларусі ад магчымай расейскай агрэсіі».

Фота: charter97.org

На думку Юрыя Джыбладзэ, цягам двух-трох гадоў Беларусь можа страціць суверэнітэт паводле «крымскага сцэнару».

«Уздзеянне расейскай прапаганды мае беспрэцэдэнтны характар, - адзначыў ён. - Важна разумець, што аб'ектам уздзеяння гэтай прапаганды з'яўляецца не толькі расейская грамадскасць, але і насельніцтва ўсіх краін рэгіёну - усіх, хто разумее расейскую мову і глядзіць расейскую тэлевізію. Лукашэнка цалкам здушыў свабоду слова, практычна цалкам здушыў грамадзянскую супольнасць, магчымасці публічнай дыскусіі ў краіне зведзеныя да нуля - а гэта тыя інструменты і інстытуты, якія маглі б супрацьстаяць расейскай прапагандзе. Жывая, актыўная грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, інтэрнэт, дыскусіі як афлайн, так і онлайн - усё гэта практычна задушана.

Лукашэнка з палітычных прычын не можа выключыць кнопку расейскай тэлевізіі, і атрымліваецца, што беларускае грамадства падвяргаецца штодзённай бамбардзіроўцы прапагандай, і, на жаль, яна працуе не толькі ў Расеі, але і на ўвесь рэгіён, уключаючы Беларусь. Атрымліваецца, што маючы расейскія войскі ўжо ўнутры Беларусі, маючы гэтую масіраваную прапаганду, якая стала эфектыўнай зброяй у сітуацыі гібрыднай вайны, розныя групы прарасейскіх актывістаў беспакарана дзейнічаюць у Беларусі. І ў выніку праз два-тры гады, калі будзе прадаўжацца гэтая ж сітуацыя, і калі гэтая прапаганда будзе бесперашкодна ліцца на беларускіх грамадзян - значная частка беларусаў самі захочуць стаць часткай «расейскага свету». І гэта абыдзецца Пуціну танней, чым пасылаць войскі.

Фактычна, цяпер сітуацыя ў Расеі такая, што логіка развіцця агрэсіўнага імперскага рэжыму патрабуе падтрымання атмасферы варожасці, канфрантацыі, пошуку ворага паўсюль, пастаянна. Яны не могуць знізіць узровень прапаганды і мабілізацыі грамадства супраць ворагаў самага рознага кшталту, але пры гэтым ім трэба дэманстраваць нейкі поспех. Анэксія Крыма была тым самым каласальным поспехам. Яна была бяскроўнай, адказвала нейкім псіхалагічным і культурным чаканням часткі грамадства і была прадстаўленая як каласальная перамога Пуціна.

Юрый Джыбладзэ
Фота: charter97.org

У сітуацыі з усходам Украіны - там усё, вядома, па-іншаму. Гэта вельмі дорага і, нягледзячы на ўсе спробы здушыць інфармацыю і пакараць тых людзей, якія распаўсюджваюць факты аб удзеле Расеі і расейскіх жаўнераў - усё роўна людзі атрымліваюць труны і атрымліваюць інфармацыю аб тым, што адбываецца. І кошт гэтай вайны значна вышэйшы, чым Крэмль разлічваў. Таму, цяпер кудысьці яшчэ пасылаць войскі - у Беларусь, краіны Балтыі, Паўночны Казахстан або Прыднястроўе - ён не можа з эканамічных прычын: цана занадта высокая і эканамічна, і палітычна. Таму такія гібрыдныя метады агрэсіўнага распаўсюджвання свайго кантролю і ўплыву з'яўляюцца для яго эфектыўным выбарам. А не прадаўжаць экспансію ён не можа, гэта логіка рэжыму. Таму атрымліваецца, што, паводле прагнозаў, Беларусь - сапраўды адзін іх найбольш імаверных аб'ектаў такіх экспансіянісцкіх памкненняў Крамля».

Вольга Захарава ў сваім выступе падвергла крытыцы палітыку Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да дыктатарскай Беларусі.

«У нашым дакладзе мы разглядаем два моманты, - сказала яна. - Першая частка - пра стан правоў чалавека ў Беларусі, пра тое наколькі яна дэградавала цягам апошніх 50 месяцаў. Другая частка датычыцца палітыка ЕЗ у дачыненні да вашай краіны. Прынамсі, мы разглядаем пытанне, ці з'яўляецца Лукашэнка гарантам незалежнасці Беларусі, чаму Еўразвяз купляецца на ягоныя аргументы, што ён прадае Еўразвязу ў якасці аргументаў і ці былі напраўду эфектыўныя або неэфектыўныя санкцыі, як частка палітыкі Еўразвязу.

У Брусэлі кажуць, што вайна ва Украіне паўплывала на збліжэнне з Менскам, але наогул еўрапейцы і без яе хацелі б паспрабаваць іншы падыход. «Мы мяркуем, што наша палітыка санкцый не спрацавала, яна была памылковай», - кажуць яны. На гэта ёсць вельмі просты адказ: калі мы паглядзім, якімі былі гэтыя санкцыі, як яны паўплывалі на палітыку Лукашэнкі, мы ўбачым вельмі цікавую карціну: калі Еўрапейскі звяз рабіў сапраўды сур'ёзныя крокі, уводзіў эканамічныя абмежавальныя захады, Лукашэнка адразу ж кагосьці вызваляў. Першы вялікі «выпуск» палітвязняў адбыўся ўвосень 2011 года - пасля першых санкцый, накладзеных на галоўнага сябра рэжыму Уладзіміра Пефціева, які, як мы ведаем, быў не проста гаманцом, але даверанай асобай і аператарам рэжыму. Другая частка палітвязняў была вызваленая ў канцы верасня, калі ў ЗША папярэдзілі аб увядзенні дадатковых санкцый. Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка выйшлі на волю пасля таго, як у «чорны спіс», нарэшце, трапілі некаторыя прадпрыемствы Юрыя Чыжа і Анатоля Тарнаўскага».

Фота: charter97.org

Вольга Захарава нагадала, што ўжо ў 2012 годзе працэс вызвалення палітычных зняволеных, кінутых за краты за удзел у Плошчы, быў спынены. Яна патлумачыла, з чым гэта было звязана.

«Вызваленне палітвязняў вельмі моцна затармазілася, як толькі ў Брусэлі паверылі ў тое, што «вось цяпер у Беларусі будзе амністыя летам, усіх выпусцяць», гэта значыць у так званыя пазітыўныя сігналы, якія так любіць лавіць Еўразвяз. Больш за ўсё здзіўляе гэты тэрмін «пазітыўныя сігналы», - сказала яна. - Вынік - ён альбо ёсць, альбо яго няма. Ёсць дакладныя крытэрыі: палітвязні альбо ёсць, альбо іх няма, заканадаўства альбо змененае, альбо не. Усё астатняе - гэта проста размовы за кулісамі. Купчына з Макеем могуць абяцаць залатыя горы. Цяпер яны наадварот прадаюць страх. Яны кажуць пра тое, што калі вызваляць палітвязняў, то іх вельмі моцна аблае Уладзімір Пуцін, калі на волю выйдзе Мікалай Статкевіч, то ён нібыта дэстабілізуе абстаноўку перад выбарамі. Еўразвяз гатовы гэта купіць. Але як у Брусэлі могуць верыць заявам Лукашэнкі аб гарантыях ненападу Расеі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, калі ён нават палітвязняў не можа вызваліць без аглядкі на Пуціна. Зразумела, што гэта звычайная дэмагогія, але сама логіка ЕЗ заганная.

Еўрапейскія чыноўнікі сцвярджаюць, што стасункі з Беларуссю не нармалізуюць. Можа быць яны маюць на ўвазе, што ў Менска, як і ў Туркменістана, няма партнёрскай дамовы. Але пры гэтым тыя ж самыя чыноўнікі кажуць, што не будуць перашкаджаць еўрапейскім банкам у куплі беларускіх еўрабондаў на мільярд. Увогуле Лукашэнку іншая нармалізацыя і не патрэбна. Яму дастаткова мець пастаянныя «дыялогі» без вынікаў і галоўнае, каб ішлі грошы, за якія ён не вымушаны расплачвацца ні рэформамі, ні змяненнем сітуацыі з правамі чалавека, ні продажам прадпрыемстваў».

Праваабаронца распавяла, да чаго прывяла такая палітыка ЕЗ.

Вольга Захарава
Фота: charter97.org

«У нашых папярэдніх дакладах мы паказвалі, на колькі падчас так званых санкцый праз пакінутыя дзіркі ўзбагаціўся рэжым Лукашэнкі, - нагадала Вольга Захарава. - Гэта літаральна мільярды еўраў. Гэтыя сродкі пайшлі не на рэформы, а былі праедзеныя, выдаткаваныя на сілавыя структуры, на адміністрацыйна-камандную працу, на запалохванне дырэктараў. Цяпер у Беларусі зноў голыя кішэні. ЗВР зноў $4,5 мільярда. Гэта ледзь лепш, чым у 2011 годзе, толькі вось цяпер, хутчэй за ўсё, ні Бердымухамедаў, ні Аліеў, ні Пуцін грошай не дадуць. Дзявацца няма куды. Чаму Еўразвяз не хоча выставіць выразныя патрабаванні - у першую чаргу, вызваліць палітвязняў, потым правесці рэформы ў заканадаўстве?

Складваецца адчуванне, што беларускую праблему спрабуюць замесці пад дыван, уяўляючы, што Беларусь як бы на баку дэмакратычнага свету ў гісторыі з Украінай, што яна нейкім чынам не дапамагае Пуціну. Але самая вялікая праблема, што ўся гэтая схема як раз і дапамагае Крамлю, бо яна падтрымлівае дыктатарскі рэжым.

Мы рэкамендуем ЕЗ для аднаўлення стасункаў, зняцця санкцый і развіцця эканамічных сувязяў выставіць шырокае кола патрабаванняў у галіне правоў чалавека, якія ўключаюць у сябе вызваленне палітвязняў, свабоду слова, сходаў, аб'яднанняў, спыненне адвольных затрыманняў, доступ да правасуддзя і цэлы шэраг іншых патрабаванняў, у тым ліку расследаванне гвалтоўных знікненняў 15-гадовай даўніны, што ні ў якім разе нельга забываць.

Еўрапейскі Звяз павінен зразумець, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Гарант незалежнасці - народ, у якога не прамытыя мазгі».

Апошнія навіны