Мясніковіч хоча спаганяць ПДВ з пасылак з-за мяжы
- 30.06.2015, 19:42
Міхаіл Мясніковіч уважае за неабходнае спаганяць ПДВ з пасылак, што прыходзяць у Беларусь з-за мяжы.
Пра гэта ён заявіў сёння на заключным пасяджэнні дзевятай сесіі "савета рэспублікі", піша БелТА.
"Міжнародныя паштовыя адпраўленні растуць як лавіна, аднак фактычна не даюць "Белпошце" нейкіх істотных даходаў. У мінулым годзе ў Беларусь прыйшло 6,5 млн пасылак, якія мелі таварныя ўкладанні. І гэта ўсё перапрацоўваецца поштай. За пяць месяцаў гэтага года паступіла ўжо амаль 5 000 000 пасылак. Прычым гэтыя пасылкі прыходзяць з замежжа не толькі для асабістага карыстання фізічнай асобы, але там ёсць цэлыя партыі тавараў, якія потым рэалізуюцца, прадаюцца на рынках, у іншых месцах, - заўважыў ён. - Пералічваючы грошы на гэтую пасылку, напрыклад у Кітай, пакупнік не плаціць падатак на дададзеную вартасць. Калі мы з вамі ідзем у краму, купляем хлеб, малако, то аўтаматычна плацім ПДВ. Але, купляючы рэч за мяжой, ПДВ не выплачваецца".
Са слоў спікера, сумневы таксама выклікае скрыўлены ацэначны кошт пасылкі, які фармуецца спецыяльна, каб патрапіць у дазвольную сістэму. "Думаю, гэта пытанне мы развяжам", - рэзюмаваў ён.