BE RU EN

Павел Сапелка: Юрыдычныя механізмы для вызвалення Статкевіча ёсць

  • 30.06.2015, 21:02

Паводле існага заканадаўства і без просьбы Мікалай Статкевіч можа быць не толькі вызвалены, але і вернуты ў палітычнае жыццё.

Пра гэта заявіў юрыст Павел Сапелка, піша сайт palitviazni.info.

«У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, злачынства, ва ўчыненні якога прызнаны вінаватым палітык, належыць да катэгорыі асабліва цяжкіх. Асуджаныя за такога кшталту злачынствы не могуць быць вызваленыя ад пакарання ў сувязі з прыняццем Закона «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» ад 28.05.2015 года. Артыкул 293 КК увайшоў у пералік тых артыкулаў, асуджаным паводле якіх не скарачаюць тэрмін пакарання на адзін год. Такім чынам, закон аб амністыі не можа стаць інструментам вызвалення палітвязня. Тут варта падкрэсліць дзве акалічнасці: згаданая амністыя - трэцяя за перыяд знаходжання палітыка ў зняволенні, і ніводная з іх не стасавалася да яго; згадка аб немагчымасці зніжэння пакарання на адзін год асуджаным паводле артыкулу 293 КК з'явілася ў законах аб амністыі толькі пасля снежня 2010 года», - заявіў Павал Сапелка.

Той факт, што Мікалай Статкевіч мае статус асуджанага, што злосна парушае ўстаноўлены парадак падчас адбыцця пакарання, мае значэнне не для абмеркавання пытання аб ужыванні закона аб амністыі, а для ацэнкі магчымасці ўмоўна-датэрміновай замены пакарання на больш мяккае або ягонага ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання. Такі статус пазбаўляе палітвязня нават тэарэтычнага шанцу на вызваленне на згаданых падставах, адзначае юрыст.

«Адзіным інструментам вызвалення палітыка да заканчэння тэрміну пакарання можа быць акт памілавання. Памілаванне ажыццяўляецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь; на падставе акта памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызваленая ад пакарання, альбо вызвалена ад пакарання ўмоўна, альбо такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, альбо ёй можа быць знятая асуджанасць. Раз у норме Крымінальнага кодэкса няма адпаведнай згадкі або адсылання на парадак, устаноўлены іншым нарматыўным актам, памілаванне можа быць ажыццёўленае без выканання якіх-небудзь папярэдніх умоў або фармальнасцяў у выглядзе просьбы зняволенага, прызнання ім віны, раскаяння ва ўчыненым і да г.п.

Зняцце асуджанасці актам памілавання можа зліквідаваць перашкоды да ўдзелу ў палітычнай дзейнасці, у тым ліку - у выбарах», - адзначыў Павел Сапелка.

Апошнія навіны