BE RU EN

Макей: Менск не гатовы сварыцца з Масквой дзеля сяброўства з ЕЗ

  • 5.06.2015, 14:20

Беларусь не збіраецца адмаўляцца ад партнёрства з Расеяй.

Пра гэта заявіў РІА "Новости" ў чацвер у Менску міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

"Мы хочам мець нармальныя стасункі з ЕЗ, у рамках ініцыятывы "Усходняе партнёрства", мы і выбудоўваем менавіта такія стасункі. Але, у той жа час, мы не хочам, каб наш удзел прывёў да таго, каб мы, утрыравана кажучы, пасварыліся з Расеяй", - сказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што падчас рыжскага саміта "Усходняга партнёрства" напрыканцы траўня Менск выразна і адкрыта выказаў гэтую пазіцыю і "яна, дарэчы, была ўспрынятая абсалютна ўсімі ўдзельнікамі".

Ён мяркуе, што Рыжскі саміт не стаў антырасейскім. "Магчыма, хтосьці і прапаноўваў, каб ён быў вытрыманы ў антырасейскім духу, але тое, што там гучала з вуснаў кіраўнікоў многіх дэлегацый, сведчыць пра адваротнае: яны заклікалі да дыялогу з Расеяй і казалі, што яе нельга выключаць з дыялогу", - прадоўжыў кіраўнік МЗС Беларусі.

"Усходняе партнёрства" - шматбаковая праграма ЕЗ, накіраваная на развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва з шасцю былымі рэспублікамі СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Саміт ініцыятывы прайшоў 21-22 траўня ў Рызе. На ім Беларусь, якую рэпрэзентаваў Макей, адмовілася асудзіць акупацыю Крыма Расеяй.

Апошнія навіны