Валянціна Аліневіч: Калі іншыя не падаюць духам, сорамна перажываць праз дробязі
- 5.06.2015, 17:17
Палітыка перапіскі з палітвязнямі імкліва стала больш жорсткай.
Пра гэта паведаміла charter97.org маці Ігара Аліневіча.
"2 чэрвеня атрымала ад Ігара ліст, датаваны 21 траўня... Відавочна, што палітыка лістоў стала больш жорсткай. На 1 траўня ён атрымаў толькі адну паштоўку. Раней у гэты дзень ён атрымліваў нават больш паштовак, чым на Дзень нараджэння.
Вядома, ёсць і эфект зваротнай сувязі: «няма адказу - няма і прывітання», але занадта ўжо імкліва адбылося гэта «пераключэнне». Але гады выпрацоўваюць спакой. Асабліва, калі даведваешся пра рознага кшталту гісторыі, якія адбываюцца з іншымі людзьмі. Калі многім значна горш, і яны не падаюць духам, то неяк сорамна перажываць за менш значнае. Трэба шанаваць тое, што маем…», - сказала Валянціна Аліневіч.
Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зняволення за хуліганскія дзеянні да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку, якая ўважалася за самую дрэнную паводле экалагічных паказчыкаў, аднак у пачатку мінулага года была прынятая пастанова аб расфармаванні гэтай калоніі і Ігар Аліневіч трапіў у калонію «Віцьба-3».