Саўчанку этапуюць з Масквы
- 16.07.2015, 18:12
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка найбліжэйшым часам пакіне СІЗА ў Маскве.
Пра гэта заявіў яе адвакат Мікалай Полазаў, паведамляе «Інтэрфакс».
З ягоных слоў, Саўчанцы паведамілі ў СІЗА, што ў найбліжэйшыя дні яна будзе этапаваная. Месца прызначэння ёй не паведамляюць. Саўчанка ўжо сабрала рэчы і маральна падрыхтавалася да ўдзелу ў будучым судовым працэсе, сказаў ён.
Абаронца распавёў, што Надзея Саўчанка накіравала зварот генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну, кіраўніцы ПАРЕ Ан Брасэр, прэзідэнту Еўрапарламента Марціну Шульцу з заклікам паўплываць на расейскія ўлады ў сувязі з будучым судовым разглядам, які пройдзе ў Данецку Растоўскай вобласці.
На яе думку, суд у Данецку пагражае не толькі яе жыццю, але і жыццю яе сваякоў, прынамсі, сястры Веры, якая з'яўляецца сведкай паводле справы, а таксама маці, якая збіралася прыехаць на суд.
Адвакат адзначыў, што Данецк знаходзіцца ў памежнай зоне, куды не дапускаюцца замежныя грамадзяне. Такім чынам, ні калегі ягонай падабароннай па ПАРЕ, ні ўкраінскія парламентарыі, ні замежныя журналісты не змогуць трапіць на суд.
«Гэта было зроблена наўмысна, каб знізіць градус увагі, якая цяпер прыкаваная да справы Саўчанкі», - сказаў Полазаў.
Адвакаты Саўчанкі і яе сястра мяркуюць, што новыя абвінавачванні Следчага камітэта Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі ў забойстве журналістаў накіраваныя на псіхалагічнае запалохванне расейцаў.
Нагадаем, Міністэрства замежных спраў Украіны выказвае катэгарычны пратэст у сувязі з новымі беспадстаўнымі і сфабрыкаванымі расейскімі ўладамі абвінавачваннямі супраць незаконна арыштаванай Надзеі Саўчанкі.
Таксама нагадаем, Следчы камітэт Расеі выставіў новыя абвінавачванні супраць выкрадзенай украінскай вайсковай лётчыцы, дэпутата Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанкі. Цяпер расейскія следчыя сцвярджаюць, што ўкраінка забіла двух грамадзян РФ. Як паведаміў у Twitter адзін з адвакатаў Саўчанкі Мікалай Полазаў, выкрадзеную ўкраінку абвінавачваюць менавіта ў забойстве расейскіх грамадзян, а іх прафесійная дзейнасць (журналісцкая - рэд.) не фігуруе.
«У нейкі момант у СК зразумелі, што загінулыя журналісты знаходзіліся ў Луганску на нелегальнай аснове і змянілі кваліфікацыю. Беспадстаўнасць, нязграбнасць і відавочная безгрунтоўнасць абвінавачванняў толькі ўмацуе пазіцыі Украіны ў перамовах аб абмене», - адзначыў ён.
Дадамо, раней Следчы камітэт Расеі не дазволіў закрыць справу супраць украінскай лётчыцы, а таксама разглядаць яе ў Маскве ў фармаце суда прысяжных.