BE RU EN

Алесь Бяляцкі: Ціск на палітвязняў і рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся

  • 27.07.2015, 17:17

Колькасць палітвязняў можа вырасці ў кожны момант.

Старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі заклікаў суайчыннікаў адзначыць Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Тэкст звароту размешчаны на афіцыйным сайце арганізацыі:

"4 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, - гаворыцца ў ім. - На жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі цягам апошніх гадоў не змянілася да лепшага. Падзеі, якія адбываюцца ў былых постсавецкіх краінах - у Расеі, на паўднёва-ўсходзе Украіны і ў Крыме, у Азербайджане – адсунулі на другі план Беларусь. Там усюды стала горш, але і ў нас таксама як і раней улады паўсюдна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян і прадаўжаюць рэпрэсаваць грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў. У сваім дакладзе пра гэта 23 чэрвеня на Радзе правоў чалавека ААН заявіў спецдакладчык па Беларусі Міклаш Харашці. Ён адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за справаздачны перыяд не палепшылася".

Праблема з правамі чалавека ў Беларусі застаецца актуальнай. Яна адмоўна ўплывае на ўвесь постсавецкі рэгіён, адзначае Алесь Бяляцкі.

"У Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя, - падкрэслівае праваабаронца. - У турмах з палітычных матываў знаходзіцца шэсць чалавек. Пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія, выбары пройдуць 11 кастрычніка, а ў зняволенні ў вельмі цяжкіх умовах утрымліваецца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты мінулай выбарчай кампаніі Мікалай Статкевіч. Узмацніўся ціск на палітвязняў у турмах. Колькасць палітычных зняволеных у кожны момант можа павялічыцца.

Стала адбываецца адміністрацыйны пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Цягам апошняга часу былі распачатыя дзясяткі адміністрацыйных спраў. Напрыклад, гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі, які супрацоўнічае з тэлеканалам "Белсат", 9 чэрвеня быў шостым разам асуджаны і аштрафаваны.

У лютым гэтага года з Беларусі паводле надуманых прычын была дэпартаваная вядомая беларуская праваабаронца Алена Танкачова, якая была грамадзянкай Расеі і пражыла ў Беларусі амаль 30 гадоў.

Улады Беларусі не збіраюцца мяняць сваё стаўленне да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Ціск і рэпрэсіі на дэмакратычных актывістаў - гэта сённяшняя мова стасункаў беларускіх уладаў".

Апошнія навіны