Мікалай Аўтуховіч: Трэба, каб усе аб'ядналіся і арганізавалі годны байкот «выбарам»
- 6.07.2015, 15:08
У сённяшняй палітычнай сітуацыі ў краіне выбараў няма.
Ваўкавыскі прадпрымальнік, былы палітычны зняволены Мікалай Аўтуховіч, якому прапанавалі ўзначаліць штаб у вылучэнні Мікалая Статкевіча, катэгарычна выказваецца супраць удзелу ў «выбарах» у Беларусі. Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што ў сённяшняй палітычнай сітуацыі ў краіне выбараў няма, паведамляе «Радыё Рацыя».
- На выбары не трэба хадзіць. Я наогул мяркую, што пакуль гэты чалавек знаходзіцца «на троне», не будзе ніякіх выбараў. Вядома адразу на пяць «выбараў» наперад, хто будзе прэзідэнтам. Навошта гуляць у гэтыя гульні ?! Не разумею тых палітыкаў, якія ідуць на «выбары». Яны добра ведаюць, што не перамогуць. Гэта нейкае глупства. Калі б усе аб'ядналіся і арганізавалі годны байкот «выбарам», было б нашмат лепш, - заявіў ён.
Са слоў Мікалая Аўтуховіча, трэба займацца вызваленнем палітвязняў, а не так званымі «псеўдавыбарамі».
Нагадаем, прэзідэнцкія «выбары» ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.
З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. За фальсіфікацыю вынікаў выбараў з 2004 года кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына (пасля выбараў 2010 года - разам з амаль дзвюма сотнямі беларускіх чыноўнікаў) з'яўляецца неўяздной у краіны Еўразвязу і ЗША.