Рада БНР: У Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення дэмакратычных выбараў
- 8.07.2015, 13:24
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай з нагоды «выбараў».
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары не могуць уважацца за законныя і справядлівыя без выканання базавых дэмакратычных нормаў, без стварэння атмасферы для свабоднага волевыяўлення, без забеспячэння аднолькавых умоў для правядзення перадвыбарнай кампаніі для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку прадстаўнікоў апазіцыі.
З такой заявай выступіла Рада БНР у сувязі з прызначэннем «выбараў» прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
«Рада БНР канстатуе, што на гэты момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў:
- У інфармацыйным полі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія выконваюць прапагандысцкія задачы на карысць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незалежныя журналісты, у тым ліку журналісты тэлеканала «Белсат», «Радыё Рацыя», рэгіянальных СМІ знаходзяцца пад нястрымным ціскам з боку ўладаў.
- За кратамі застаюцца некалькі палітычных зняволеных, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты на «выбарах» 2010 года Мікалай Статкевіч. У гэтым годзе на незаконных падставах за палітычную дзейнасць у турму быў змешчаны актывіст Юрый Рубцоў. Палітвязні, вызваленыя раней, застаюцца не рэабілітаванымі, што накладае на іх сур'ёзныя абмежаванні ў заняцці грамадскай і палітычнай дзейнасцю.
- Прадаўжаецца незаконны ціск з боку ўладаў на актывістаў, палітыкаў, грамадскія і палітычныя арганізацыі, якія выказваюць крытыку на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Рада БНР канстатуе, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца недэмакратычнай дзяржавай, дзе адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная канкурэнцыя, а ўлада манапалізаваная групай людзей на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Прынамсі з 1996 года ў Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць легітымна і законна сфармаваныя нацыянальныя заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы ўлады», - гаворыцца ў заяве.
У сувязі з вышэй сказаным, Рада заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь:
- Гарантаваць грамадзянам Беларусі дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзейным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь,
- Стварыць у Беларусі перадумовы для правядзення паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасля чаго правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады.
«Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных зняволеных: Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, а таксама рэабілітацыі ўсіх раней вызваленых палітычных зняволеных.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць прадоўжыць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў для дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі», - адзначаецца ў заяве.