«Вясна»: У Беларусі з'явіліся новыя палітвязні
- 17.08.2015, 16:07
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць затрыманых у «справе графіцістаў».
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае спыніць крымінальны пераслед паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Злоснае хуліганства») у дачыненні да Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама затрыманых Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, і неадкладна вызваліць іх з-пад варты.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», 11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расейскай Федэрацыі Павел (прозвішча невядомае). Двое апошніх былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, а ў дачыненні да Пякарскага, Жаромскага была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад'яўлення абвінавачвання.
Касінераў знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.
Падставай для крымінальнага пераследу і ўзяцця пад варту да прад'яўлення абвінавачванняў гэтым маладзёнам стала распачынанне Управай Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Менска крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь («Злоснае хуліганства») паводле факту нанясення графіці палітычнага зместу на муры каля будынку на зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі на вул. Лынькова, і арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці») - паводле факта псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) на вул. Гарэцкага ў г. Менску.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае наступнае:
- Напісанне графіці з надпісам «Беларусь мае быць беларускай» з выявай беларускага арнаменту, перакрэсленай свастыкі і сярпа з молатам, а таксама з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе...» з выявай чалавека з бутэлькай у руцэ, не маюць мэтай парушэння грамадскага парадку і не праяўляюць яўнай непавагі да грамадства, не ўтрымліваюць прапаганды нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, сацыяльнай ці іншай варожасці. Характар і змест надпісаў сведчыць аб адсутнасці хуліганскіх матываў у дзеяннях асобаў, якія іх учынілі і, адпаведна, аб адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2. арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.
- Расследаванне крымінальнай справы, распачатай паводле прыкметаў арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь, павінна адбывацца ў межах, вызначаных Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксамі Рэспублікі Беларусь з улікам таго, што гэтае злачынства належаць да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і не прадугледжваюць магчымасці ўтрымання пад вартай падазраваных у ягоным учыненні. Акрамя таго, пытанне аб кампенсацыі нанесенай шкоды можа быць разгледжанае ў грамадзянска-прававым парадку.
- Дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія ажыццяўлялі затрыманне названых асоб з выкарыстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў, насілі відавочна непрапарцыйны і жорсткі характар і прычынілі фізічныя пашкоджанні затрыманым.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заяўляе, што:
- Утрыманне Пякарскага і Жаромскага пад вартай у падазрэнні ва ўчыненні імі злоснага хуліганства з'яўляецца незаконнай і непрапарцыйнай мерай;
- Утрыманне пад вартай Пякарскага і Жаромскага вядзецца пры адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 339 КК у іх дзеяннях;
- Наяўнасць палітычных матываў у дзеяннях органаў дзяржаўнай улады, накіраваных на ўмацаванне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў, дазваляюць кваліфікаваць Пякарскага і Жаромскага як палітычных зняволеных;
- Гэтыя дзеянні ўладаў адбываюцца ў перыяд правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, носяць дэманстратыўны харакар і відавочна маюць на мэце прадухіленне магчымых акцый грамадзянскай актыўнасці, асабліва ў маладзёжным асяроддзі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе:
- Неадкладна перагледзець прынятыя ў дачыненні да Пякарскага і Жаромскага працэсуальныя меры, накіраваныя на іх ізаляцыю, і вызваліць іх з-пад варты;
- Спыніць крымінальны пераслед Пякарскага, Жаромскага, Касінерава, Ульяненкава паводле ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з адсутнасць складу злачынства ў іх дзеяннях;
- Гарантаваць выкананне ўсіх працэсуальных правоў на перыяд вядзення расследавання, у тым ліку права на абарону і свабоду ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання;
- Правесці належнае расследаванне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых і прыцягнуць вінаватых да ўсталяванай законам адказнасці.