BE RU EN

Зміцер Дашкевіч: Салідарнасць з палітвязнямі - прамы довад нашай сілы

  • 18.08.2015, 11:49

Падтрымаць Мікалая Дзядка ў ягоны дзень нараджэння важна не толькі для палітвязня, але і для тых, хто яго акружае ў калоніі, і для нас саміх.

Аб гэтым у інтэрв'ю charter97.org сказаў сустаршыня «Маладога Фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

- 23 жніўні палітвязень Мікалай Дзядок сустрэне свой пяты дзень нараджэння за кратамі. У сувязі з гэтым дэпутат Бундэстагу Мануэль Сарацын, што апякуецца Мікалаем, заклікаў грамадскасць праявіць максімальную салідарнасць з ім. Як чалавек, які сустрэў не адзін дзень нараджэння ў турме, наколькі важнай вы ўважаеце такую падтрымку для палітвязня?

- Салідарнасць важная для палітвязня ў любы дзень, а тым больш - у вялікія святы. Яна дапамагае ўмацавацца, па-першае, самому палітвязню. А па-другое, гэта з'яўляецца важным знакам для людзей, якія атачаюць Мікалая Дзядка - як турэмшчыкаў, так і звычайных зняволеных.

Яны ўжо дваццаць гадоў глядзяць беларускую тэлевізію, якая пераконвае, што апазіцыя - гэта некалькі чалавек «наркаманаў». І калі палітвязню прыходзяць сотні і тысячы лістоў, яны кажуць: вы сапраўды малайцы, вы салідарныя.

Таму гэта не толькі падтрымка для палітвязня, але і сведчанне пра ўсіх нас - хто мы такія, што мы можам зрабіць. Здавалася б, гэта простая рэч - напісаць ліст, выслаць тэлеграму - але яна мае вялікую сілу.

- Нядаўна дзень нараджэння быў і ў палітвязня Юрыя Рубцова, і ягоная жонка Ядвіга Рубцова паведаміла, што адміністрацыя СІЗА старалася не прапусціць велізарную колькасці віншаванняў ад людзей. Па вашаму досведу, як часта турэмшчыкі спрабуюць перашкодзіць гэтым акцыям салідарнасці?

- Усё залежыць ад таго, у якой ступені той ці іншы начальнік турмы прадаў сваю душу сатане. Калі яны караюць па нейкіх сваіх надуманых падставах, за нібыта парушэнне ўнутранага рэжыму - гэта адно. Але атрыманне пошты - гэта прапісанае ў законе права зняволенага.

Я сутыкаўся з такім, напрыклад, у Віцебскай турме, калі дзесяткі лістоў, якія я пасылаў, не прыходзілі па адрасе. І калі я звяртаўся ў пракуратуру, мне адказвалі: такая пошта ёсць, яна зарэгістраваная, але не дайшла, таму выказвайце прэтэнзіі да паштароў.

Такое сустракаецца не вельмі часта, але на жаль, сустракаецца. Сказаць, як сябе павядзе той ці іншы турэмшчык - немагчыма. Усё залежыць ад яго ступені адэкватнасці.

- Што б вы асабіста хацелі перадаць Мікалаю напярэдадні яго дня нараджэння?

- Перш за ўсё, жадаю Мікалаю вытрымкі ў яго цяжкім выпрабаванні. У Бібліі ёсць словы: «Хто са слязьмі, будуць пажынаць з радасцю». Многія людзі сёння ў Беларусі, якія змагаюцца за свабоду, «сеюць са слязамі». Але «пажынаць» плён гэтай барацьбы за свабоду яны будуць у радасці.

І я хачу пажадаць Мікалаю і ўсім іншым палітвязням цвёрдай упэўненасці ў гэтым.

Нагадаем, што 27 траўня 2011 актывіст беларускага руху анархістаў Мікалай Дзядок быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У лютым 2015 года, Дзядок быў прысуджаны да яшчэ аднаго году ў турме паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З тых часоў ён утрымліваўся ў адзіночнай камеры, часта ў невыносных умовах.

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ўважаюць Мікалая Дзядка палітвязням і заклікаюць да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Павіншаваць з днём нараджэння і выказаць падтрымку Мікалаю Дзядку можна па адрасе: вул Дабралюбава, 16, ПК-9 213410, горад Горкі Магілёўскай вобласці.

Апошнія навіны