Леанід Злотнікаў: Мы знаходзімся ў крызісе. Нават не ў рэцэсіі, а ў крызісе
- 31.08.2015, 21:59
Беларускі рубель, як і расейскі, працягне падзенне.
Такі найбольш імаверны сцэнар развіцця сітуацый на фінансавых рынках дзвюх краін. Аднак два рублі будуць падаць незалежна адзін ад аднаго.
Такім меркаваннем з «Ежедневник» падзяліўся кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў. Пры гэтым ён растлумачыў, чым можа тлумачыцца цяперашні эканамічны спад у Беларусі і Расеі, наколькі гэтыя працэсы ўзаемазвязаныя і што чакаць ад курсаў нацыянальных валют у найбліжэйшай перспектыве.
- Чым тлумачыцца падзенне беларускага рубля на мінулым тыдні?
- Мы знаходзімся ў крызісе. Нават не ў рэцэсіі, а ў крызісе. Эканоміка без ваганняў не можа. Эфектыўная эканоміка таксама ўваходзіць у такія квадры. Але ў нас крызіс сістэмны. Крызіс мадэлі - не туды ідзем. І ў такой сітуацыі эканоміка не можа падтрымліваць дасягнуты ўзровень вытворчасці і рэальны ўзровень даходаў насельніцтва.
- Ну, а што ж, на Ваш погляд, будзе з нафтай? Шмат якія эканамісты ўсё адно дапасоўваюць ваганні валютнага курсу ў Беларусі да кошту нафты, хоць нібыта дырэктыўнай залежнасці няма. Гэта значыць, на нафту рэагуе расейскі рубель, а наш адклікаецца на гэтую рэакцыю...
- Напэўна, кошт нафты не будзе падвышацца больш чым да 60 даляраў за барэль. А вось тэндэнцыя на зніжэнне коштаў напэўна будзе. Наперадзе - павелічэнне паставак на сусветны рынак нафты з Ірана. Вельмі імаверна, што Кангрэс ЗША дазволіць экспарт амэрыканскай нафты. Усё гэта ўплывае на кан'юнктуру. Таму разлічваць на павышэнне кошту нафты - не рэальна.
- А расейскі рубель будзе далей падаць?
- Расея патрапіла ў сітуацыю, калі эканоміка можа пратрымацца паўгода ці год за кошт золатавалютных рэзэрваў... Не, год Расея такім чынам не пратрымаецца. І, думаю, расейскі рубель будзе падаць, бо попыт на валюту ў Расеі будзе высокі. Там жа даходы ад нафты і газу ўпалі, а пазыкі вялікія. У Расеі блізу 450 млрд даляраў збольшага карпарацыйных пазык. А паўторна крэдытавацца на Захадзе нельга. На Усходзе таксама не выпадае. Значыць, расейскія суб'екты будуць купляць даляр унутры Расеі і разлічвацца з пазыкамі. Такім чынам, расейскі рубель будзе нізкі. Плюс працяг санкцый. Гэта значыць, у Расеі няма тэндэнцый, якія б выводзілі яе ў лепшы стан.
- А ў Беларусі?
- А ў Беларусі - пагатоў. І не таму што ў дачыненні да Расеі дзейнічаюць санкцыі і кошт нафты ўпаў. Проста ў Беларусі з 2012 года зніжаюцца аб'ёмы вырабу прадукцыі. У Расеі свае прычыны крызісу, у нас - свае. Але ў нас галоўныя праблемы хаваюцца ў самой эканамічнай мадэлі.