BE RU EN

Павел Севярынец: Малюся, каб у Амерыцы з'явіўся новы Рэйган

  • 4.08.2015, 7:55

ЗША павінны патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі рэальных крокаў: вызвалення палітвязняў, свабоды СМІ, празрыстых выбараў.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, каментуючы прыезд у Менск амерыканскіх кангрэсмэнаў.

- Амерыканскі кангрэсмэн Дана Рарабакер на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў аб неабходнасці аднавіць паўнавартасную дыпламатычную прысутнасць ЗША ў Беларусі. Як вы ацэньваеце сам дыпламатычны канфлікт паміж нашай краінай і Амерыкай, які доўжыцца з 2008 года, і гэтую заяву кангрэсмэна?

- Прычынай гэтага канфлікту было нежаданне Аляксандра Лукашэнкі выконваць міжнародныя нормы, у тым ліку ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. У грубых выразах было выселенае з Беларусі кіраўніцтва амбасады ЗША, а затым і колькасць работнікаў была скарочаная да простага перадваеннага мінімуму. Такое бывае, калі стасункі зводзяцца як мінімум да «халоднай вайны».

Гэта было адпаведным чынам успрынята на Захадзе, і з таго часу амерыканскай амбасады даводзілася ажыццяўляць сваю дзейнасць у такім мінімальным фармаце. Цяпер ідуць размовы пра нейкую «лібералізацыю», пра перагляд стасункаў пасля Менскіх дамоўленасцей і ў сітуацыі вайны ва Украіне. На жаль, усё гэта робіцца за «зачыненымі дзвярыма», без сустрэч з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці, і носіць характар кулуарных перамоваў.

Няма нічога дрэннага ў тым, што будзе адноўленая праца амбасады ЗША, але калі як норма будзе ўспрынятае тое, што адбываецца ў Беларусі, і для нармалізацыі стасункаў будзе дастаткова прыезду некалькіх супрацоўнікаў - гэта будзе сігналам для Лукашэнкі. Сігналам да таго, што ён далей можа фальсіфікаваць выбары, трымаць у турме палітвязняў, дабіваць беларускую эканоміку і завязваць яе на Расеі. А сустрэчных крокаў ад яго ніхто, такім чынам, не патрабуе.

- Як, па-вашаму, павінна дзейнічаць у гэтай сітуацыі амерыканская дыпламатыя, і на якіх умовах варта аднаўляць працу амбасады?

- ЗША маглі б дзейнічаць больш настойліва і крок за крокам, па пэўнай «дарожнай карце», улічваю цяжкую сітуацыю для беларускага рэжыму, адваёўваць прастору для дэмакратыі ў Беларусі.

Патрабаваць ад рэжыму рэальных крокаў: вызвалення палітвязняў, лібералізацыі сродкаў масавай інфармацыі і свабодных выбараў. На вялікі рахунак, інструментаў у амерыканскай дыпламатыі досыць, але, на жаль, не хапае рашучасці.

І паводле падзеяў ва Украіне, і па беларускай сітуацыі мы бачым, што амерыканскай адміністрацыі і дыпламатыі бракуе той настойлівасці, якая ў свой час была, напрыклад, у Рэйгана. Калі казаць шчыра, я проста малюся, каб у Амерыцы да ўлады прыйшоў другі Рональд Рэйган - чалавек веруючы, рашучы, здольны сказаць «не» дыктатарам накшталт Уладзіміра Пуціна ці Аляксандра Лукашэнкі.

Тады сур'ёзныя змены будуць магчымымі. У іншым выпадку проста адбудзецца кансервацыя сітуацыі, і Захад пастаянна будзе сутыкацца з праблемамі і ў Беларусі, і ў Расеі, і ва Украіне. Адпаведна, народы - беларускі, украінскі, рускі - будуць пакутаваць ад тыраніі ў Беларусі і Расеі.

Апошнія навіны