На Мікалая Статкевіча склалі адміністрацыйны пратакол
- 10.09.2015, 19:40
На Мікалая Статкевіча, які арганізаваў пікет за свабодныя выбары, складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Пратакол складаў лейтэнант міліцыі, якому палітык аддаў пашпарт, каб не адрывацца ад камунікацыі з грамадзянамі. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў заявіў, каментуючы сітуацыю, што грамадзяне падчас выбарчай кампаніі маюць права выказваць сваё меркаванне не толькі словам, але і справай. Міліцыянт папярэдзіў, што акцыя не санкцыянаваная, і параіў разыходзіцца, пасля чаго пайшоў.
Як паведамляе БелаПАН, Статкевіч заявіў, што дзень выбараў 11 кастрычніка ў палітычным плане яго не цікавіць, аднак да гэтага дня ён і ягоныя паплечнікі маюць намер запрашаць на вулічныя сустрэчы «кандыдата Лукашэнку».
На пікет прыйшоў Алесь Міхалевіч, які вярнуўся некалькі дзён таму з міграцыі. Ён заявіў, што не збіраецца ні за што агітаваць, а проста хоча паназіраць.