BE RU EN

Мікалай Статкевіч: Мы даможамся найбольшай вольнай прасторы для далейшай барацьбы

  • 12.09.2015, 9:13

Акцыі за свабодныя выбары без удзелу ў іх Лукашэнкі будуць праходзіць у многіх гарадах Беларусі.

Пікет за свабодныя выбары, арганізаваны былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам 10 верасня ў цэнтры Менска сабраў некалькі соцень удзельнікаў.

Аб значэнні гэтага мерапрыемства і далейшых планах у інтэрв'ю charter97.org распавёў сам арганізатар - былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

- У вас заслужаны аўтарытэт чалавека, праз прызыў якога людзі гатовыя выйсці на акцыю пратэсту, і рэпутацыя «генерала вуліцы». Як вы ацэньваеце ўчорашні пікет ля ГУМа? Як сустрэла вуліца свайго генерала пасля вымушанага перапынку?

- Мне не зусім падабаецца гэта вызначэнне: усё ж у мяне ёсць і іншыя прафесійныя якасці. Я дыпламаваны спецыяліст і кандыдат навук, а напісаную доктарскую мне не далі абараніць праз палітычныя матывы. Мне больш імпануе быць палітыкам сацыял-дэмакратычнага кірунку.

Але нашы рэаліі такія, што ўлада не пакінула нам другога поля для палітычнай дзейнасці. У выніку даводзіцца, што называецца, «забіваць цвікі мікраскопам». Гэта датычыцца і ўсіх беларускіх палітыкаў: мае калегі, якія ўчора былі побач са мной - палітыкі еўрапейскага ўзроўню. Пры гэтым нам даводзіцца пакуль дзейнічаць толькі ў фармаце вуліцы.

Тым не менш, я мяркую, акцыя была паспяховай. Гэтая акцыя дазваляе нам казаць, што «працэс пайшоў»: пачалося вызваленне ад страху ў грамадстве, і мы можам праводзіць такія акцыі на вуліцах нашых гарадоў. Таму вынік - станоўчы. Мае калегі прагназавалі, што людзей на акцыі будзе раз на дзесяць менш.

Я ад прагнозаў устрымліваўся, бо мяне доўга не было на волі і я не мог адразу прачуць настроі ў грамадстве. Выявілася, што на такія акцыі прыходзіць значна больш людзей, чым мы чакалі. Мы будзем прасоўваць нашу кампанію, расчышчаць свабоднае поле для барацьбы за сумленныя і справядлівыя выбары без удзелу злачынцаў. Грамадства павінна выйсці з гэтай "выбарчай кампаніі" з пераможаным пачуццём страху і вялікай прасторай для свабоды.

- Якімі будуць наступныя крокі - вашыя і вашых паплечнікаў? Падчас акцыі вы сказалі, што збіраецеся запрасіць на вулічныя сустрэчы і «кандыдата» Лукашэнку.

- Мае калегі будуць праводзіць такія пікеты ў розных гарадах Беларусі. А я буду рыхтаваць пікет для сустрэчы з як бы «кандыдатам» у як бы «прэзідэнты» Аляксандрам Лукашэнкам.

Я арганізую яму сустрэчу цалкам бясплатна. Я ведаю, колькі грошай траціцца на яго паказушныя «сустрэчы» з народам, калі за некалькі месяцаў пачынаюць фарбаваць фасады дамоў і класці новы асфальт, каб потым праганяць ашуканы ім народ праз рамкі металашукальнікаў. Я абсалютна бясплатна арганізую яму такую сустрэчу і запрашу яго.

Пытанні для сустрэчы я задам яму загадзя. Я абяцаў сваёй жонцы, што мы з'ездзім цяпер на тыдзень на адпачынак, але адпачынак я выкарыстоўваю, каб падрыхтаваць гэтую сустрэчу. Я паспрабую, каб у падрыхтоўцы пытанняў паўдзельнічалі і грамадзяне нашай краіны: я сфармулюю іх у мяне на старонцы ў Facebook. Пытанні Лукашэнка я задам ветліва, вельмі карэктна, але яны будуць вельмі для яго непрыемнымі.

Калі грамадзянін Лукашэнка гэтыя пытанні і запрашэнне на сустрэчу праігнаруе, будзем меркаваць, што ён адказаў на гэтыя пытанні «так». Тады мы правядзем гэтую сустрэчу з народам без яго ўдзелу, абмяркуем гэтага чалавека, гэтага як бы «кандыдата», з улікам ягонага станоўчага адказу на мае пытанні.

- Падчас учорашняга пікету на вас быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Якія гэта можа мець наступствы?

- Я добра ведаю, што пасля 3-х такіх пратаколаў мой адміністрацыйны нагляд, які цяпер дазваляе нават выязджаць на тэрмін да аднаго месяца з краіны, ператворыцца ў прэвентыўны нагляд. А гэта ўжо - нельга вечарам выходзіць з дому, пастаянна правярацца ва ўчастковага, падпіска аб нявыездзе з Менска і гэтак далей. А калі я парушу прэвентыўны нагляд - можа быць крымінальная справа і новае заключэнне, як бывала не адзін раз з нашымі калегамі.

У гэтым я бачу жаданне запалохаць мяне, але на больш жорсткія дзеянні ўлада пакуль не ідзе, бо ёй вельмі хочацца «легітымнасьці» і заходніх грошай. Тут ёсць нават некаторая небяспека таго, што нейкі невялікі «плюсік» улада паспрабуе для сябе атрымаць: калі, сціснуўшы зубы, яна «вытрымае» усе нашы акцыі, то хутчэй за ўсё паспрабуе прадставіць гэта міжнародным назіральнікам як захаванне «свабоды сходаў».

Але для дэмакратычных сіл нашы акцыі, несумненна, азначаюць куды большы «плюс»: калі мы пераможам канчаткова страх перад дыктатурай у грамадстве, мы даможамся нашмат большай вольнай прасторы для далейшай барацьбы. Акрамя таго, нашы акцыі памяншаюць легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў вачах беларусаў: людзі бачаць, што «выбары» несапраўдныя. І гэта значна большы плюс, чым тыя «выгады», якія ўлада паспрабуе атрымаць.

Апошнія навіны