Станіслаў Шушкевіч: Людзі будуць байкатаваць гэтыя «выбары»
- 16.09.2015, 14:59
Байкот абсалютна законны з юрыдычнага пункту гледжання.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю charter97.org даў ацэнку праходзячай у краіне «выбарчай» кампаніі.
- Як першы кіраўнік незалежнай беларускай дзяржавы - што вы можаце сказаць пра палітычную кампанію па «выбарах» прэзідэнта Беларусі?
- Я магу гэта ахарактарызаваць толькі так: цягам многіх гадоў адпрацаваная працэдура фальсіфікацыі. Выбарам - не. Галасы будуць размеркаваныя загадзя, і калі адбудзецца нейкі збой у працэдуры назірання - гэта ніяк не паўплывае на колькасць галасоў.
Людзі будуць байкатаваць гэтыя «выбары». Вядома, улада пойдзе на падтасоўкі, калі не будзе хапаць патрэбных лічбаў. А выбараў як такіх не будзе, не варта гэтага і чакаць.
Вельмі шкада, што некаторыя апазіцыйныя структуры павялі сябе так непаслядоўна: то ўдзельнічалі, то не ўдзельнічаюць, то збіралі подпісы, то не сабралі патрэбнай колькасці... Гэта ўсё - глупства. Тыя, хто гэтым займаўся - проста сапсавалі той падыход, да якога заклікалі разумныя палітыкі: байкот.
Байкот - законны, і ён павінен быць. Юрысты патлумачылі, што гэты закон, які «забараняе» байкот - не дзейнічае, бо ёсць міжнародныя пагадненні, падпісаныя Беларуссю. А так - Аляксандр Лукашэнка арганізоўвае чарговы цырк, каб атрымаць жаданае.
- На вашу думку, калі б усе апазіцыйныя палітыкі першапачаткова занялі адзіную пазіцыю ў пытанні «выбараў» - гэта дазволіла б больш паспяхова супрацьстаяць гульні ўлады?
- Гледзячы што ўважаць за поспех. Але адназначна - было б значна лепш. І адразу б паказалі: хто ёсць хто, і што ёсць што. А ўсе гэтыя тлумачэнні «постфактум» - яны проста ганьбяць нашых некаторых палітыкаў. Я не хачу сказаць, што ў нас дрэнная апазіцыя. У нас ёсць асобныя лідары, якія трохі «засядзеліся» ў сваіх крэслах.