BE RU EN

Мікалай Статкевіч: Без страху жыць нашмат здаравей і больш прыемна

  • 22.09.2015, 14:19

Экс-палітвязень аштрафаваны на 7,2 млн рублёў за правядзенне «несанкцыянаванага пікету».

Такую пастанову прыняў 22 верасня суд Цэнтральнага раёна Менска. Гэта максімальны штраф паводле ч.2 арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання), піша БелаПАН.

Пікет «За сумленныя і свабодныя выбары» з удзелам Мікалая Статкевіча прайшоў 10 верасня каля ГУМа. Тады ж у яго дачыненні склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Былы палітвязень сёння на судзе не прысутнічаў, бо даведаўся пра яго толькі напярэдадні, вярнуўшыся ў Беларусь з-за мяжы. У размове па дарозе з нацыянальнага аэрапорта Менск увечары 21 верасня Статкевіч распавёў: «Еду з аэрапорта і атрымліваю СМС на тэлефон, што суд Цэнтральнага раёна Менска запрашае мяне ўжо заўтра ў дзесяць гадзін раніцы на працэс з нагоды пратаколу, складзенага на мяне 10 верасня. Там няма ні зваротнага тэлефона, нічога. Падумаў, хакеры нейкія. Праз гадзіну атрымаў званок на мабільны тэлефон, пачынаюць казаць тое ж самае. Я кажу, што не ведаю, хто вы такі, чаго я туды пайду, тым больш што і мой адвакат на гэтым тыдні заняты. Да таго ж, паводле закона, і тэрміны ўстаноўленыя, за колькі дзён трэба запрашаць у суд. Я сказаў, што не прыйду, дасылайце позву. Кажуць, што даслалі, але я яе не атрымліваў».

Каментуючы сённяшнюю пастанову пра штраф, Статкевіч іранічна назваў яго «чарговым праяўленнем «дэмакратычнасці і законнасці» беларускага суда». «Без уручэння павесткі, без адваката, без адказчыка, без правапарушальніка ў адзіночку збіраюцца самі з сабой і выносяць нейкія пастановы. Яны і далей могуць гэтым займацца, а я буду займацца сваёй справай - працаваць для дэмакратыі ў Беларусі. У тым ліку і для таго, каб у Беларусі з'явіўся нармальны суд, які заслугоўвае даверу грамадзян, адпавядае рэальным прававым нормам, а не працуе паводле прынцыпу «чаго жадаеце», - заявіў палітык.

На думку Статкевіча, гэты суд задуманы для таго, «каб напалохаць людзей, якія збіраюцца прыйсці 23 верасня на плошчу Свабоды на сустрэчу выбаршчыкаў». «Мабыць, яны баяцца, што ўзровень страху ў грамадстве памяншаецца, што прыйдзе шмат людзей. Таму яны наважылі напалохаць, але не мяне, а людзей. Я не баюся, і вы не бойцеся - колькі можна баяцца? Без страху жыць нашмат здаравей і больш прыемна. Смешна спалохаць мяне пасля ўсяго таго, што было. Я нядаўна палічыў, што правёў сем гадоў разнастайных тыпаў абмежаванняў, пачынаючы ад адміністрацыйных», - сказаў былы палітвязень.

Статкевіч заявіў, што мае намер абскардзіць пастанову суда. «Буду абскарджваць. Таксама пагрызу ім трохі нервы», - сказаў палітык.

Апошнія навіны