Маўчанне ягнят: выдавання якой інфармацыі ў «справе графіцістаў» баіцца СК?
- 3.09.2015, 14:09
Узяцце падпісак аб невыдаванні матэрыялаў папярэдняга следства ў «справе графіцістаў» - запалохванне абвінавачаных.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч разглядае пытанне законнасці такіх дзеянняў Следчага камітэта, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
31 жніўня стала вядома, што абвінавачаныя ў «справе графіцістаў» Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
Паводле афіцыйнай заявы Следчага камітэта, падставамі для змены меры стрымання ў дачыненні да абвінавачаных паслужылі поўнае прызнанне імі віны, раскаянне ва ўчыненым злачынстве і кампенсацыя прычыненай шкоды. У афіцыйнай заяве Следчага камітэта пры гэтым нічога не гаворыцца пра тое, што з Пякарскага і Жаромскага перад іх вызваленнем была ўзятая падпіска аб невыдаванні матэрыялаў папярэдняга расследавання.
Застаецца толькі здагадвацца, выдавання якой інфармацыі абвінавачанымі так баяцца ў Следчым камітэце. Можа быць інфармацыі аб тым, якім чынам адбывалася затрыманне хлопцаў і якія метады следства ўжываліся ў дачыненні да іх? А можа быць, інфармацыі аб тым, што пытанні, якія цікавілі следчых, выходзілі далёка за межы выстаўленых афіцыйных абвінавачванняў?
Між іншым сам Следчы камітэт замоўчвае і ніяк не каментуе інфармацыю аб беспадстаўным і жорсткім збіванні супрацоўнікамі МУС затрыманых у справе, у выніку чаго некаторым з іх былі прычыненыя сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні.
Але вернемся да пытання законнасці ўзяцця падпіскі пра невыдаванне матэрыялаў следства, узятай службовымі асобамі СК у абвінавачаных.
Частка 2 артыкула 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК) Рэспублікі Беларусь змяшчае пералік тых асоб і ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, якіх следчы або асоба, якое праводзіць дазнанне, мае права папярэдзіць аб недапушчальнасці выдавання звестак, якія ёсць у справе. Да такіх асоб належаць: абаронца, пацярпелы, цывільны пазоўнік, цывільны адказчык, прадстаўнікі, сведкі, экспэрт, спецыяліст, перакладчык ды іншыя асобы, якія прысутныя падчас следчых ды іншых працэсуальных дзеянняў. Менавіта з гэтых суб'ектаў можа быць узятая падпіска з папярэджаннем аб адказнасці ў адпаведнасці з арт.407 КК Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, падазраваныя і абвінавачаныя не ўваходзяць у гэты пералік удзельнікаў крымінальнага працэсу. Падазраваныя і абвінавачаныя з'яўляюцца самастойнымі ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і маюць свае правы і абавязкі, устаноўленыя дзейным Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Згодна з арт.41 і 43 КПК Рэспублікі Беларусь падазраваныя і абвінавачаныя маюць толькі тры абавязкі:
з'яўляцца на выклікі органа, які вядзе крымінальны працэс;
падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс;
удзельнічаць у следчых ды іншых працэсуальных дзеяннях, калі гэта прызнана патрэбным органам, які вядзе крымінальны працэс.
Вось і ўсё.
Затое ў адпаведнасці з тым жа арт.43 КПК абвінавачаны, апроч іншага, мае права заяўляць аб сваёй невінаватасці і наогул яму павінна быць забяспечаная магчымасць абараняцца ўстаноўленымі законам сродкамі і спосабамі (арт.17 КПК). Так што абвінавачаныя маюць права публічна даваць ацэнку выстаўленых ім абвінавачванняў, падаваць аргументы аб сваёй невінаватасці, а таксама даводзіць да агульнага ведама факты парушэння іхніх правоў пры правядзенні папярэдняга следства. Акрамя таго, абвінавачаныя і падазраваныя, як і іншыя грамадзяне, маюць правам абараняць свой гонар і годнасць. Усе гэтыя дзеянні з'яўляюцца законнай формай і сродкам абароны, і адпаведна ўсякія іх абмежаванні органамі следства з'яўляюцца незаконным абмежаваннем права на абарону.
Такім чынам, узяцце падпіскі пра невыдаванне матэрыялаў папярэдняга следства, узятыя Следчым камітэтам з абвінавачаных Пякарскага і Жаромскага, з'яўляецца грубым парушэннем іхніх працэсуальных правоў і накладаннем абавязкаў, не ўстаноўленых дзейным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Трэба адзначыць, што такая заганная практыка, калі ў абвінавачаных і падазраваных органамі папярэдняга следства бяруцца падпіскі пра невыдаванне матэрыялаў папярэдняга следства, носіць сістэматычны характар. Асабліва гэта тычыцца спраў, звязаных з абвінавачваннямі або падазрэннямі ва ўчыненні злачынстваў супраць дзяржавы - здрадзе радзіме, напрыклад. Органы папярэдняга следства, а ў гэтых складах злачынства гэта КДБ, зазвычай, бяруць такія падпіскі не толькі ў абаронцаў, але і ў саміх падазраваных ці абвінавачаных. На думку КДБ, узяцце такіх падпісак абумоўленае наяўнасцю інфармацыі аб дзяржаўных сакрэтах ў справе. Аднак, варта зноўку звярнуцца да арт.407 КПК Рэспублікі Беларусь, частка 3 якога прадугледжвае права следчага папярэджваць аб адказнасці за выдачу звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую таямніцу, што ахоўваюцца дзяржавай і змяшчаюцца ў матэрыялах справы, толькі асоб, пералічаных у ч.2 гэтага артыкула: абаронцы, пацярпелага, цывільнага пазоўніка, цывільнага адказчыка, прадстаўнікоў, сведак, экспэрта, спецыяліста, перакладчыка ды іншых асоб, прысутных падчас следчых ды іншых працэсуальных дзеянняў. Такім чынам, падазраваныя і абвінавачаныя не могуць быць папярэджаны аб адказнасці нават за выдаванне матэрыялаў следства, у якіх змяшчаюцца дзяржаўныя сакрэты ды іншыя таямніцы, што ахоўваюцца дзяржавай (службовая, напрыклад).
Але практыка сведчыць пра іншае. Пры правядзенні папярэдняга следства органамі следства былі ўзятыя такія падпіскі ў падазраваных і абвінавачаных: Аляксандра Алесіна, Андрэя Гайдукова, ксяндза Лазара, Міхаіла Жамчужнага, што з'яўлялася накладаннем незаконных абавязкаў на гэтых асоб і парушала іхнія правы на абарону. Грамадства такім чынам пазбаўлялася інфармацыі, якая магла б сведчыць у тым ліку пра злоўжыванні, дапушчаных органамі папярэдняга следства ў дачыненні да гэтых асоб, а таксама пралівала б святло на сапраўдныя падставы і прычыны пераследу гэтых грамадзян. Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя справы мелі і маюць вялікі грамадскі розгалас і натуральна выклікаюць цікавасць з боку праваабарончых арганізацый краіны.
Узяцце такога кшталту падпісак, як мне здаецца, акрамя ўсяго носіць форму запалохвання і ціску на асоб, у дачыненні да якіх вядзецца крымінальны працэс, што безумоўна супярэчыць асноўным прынцыпам і задачам вядзення крымінальнага працэсу, дэклараваных Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.