Францыя ды Нямеччына падрыхтавалі прапановы аб крызісе з мігрантамі
- 3.09.2015, 19:14
Прапановы тычацца арганізацыі прыёму ўцекачоў і іх справядлівага размеркавання ў Еўропе.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд падрыхтавалі супольныя прапановы для развязання сітуацыі з уцекачамі, якія імкнуцца трапіць у Еўропу, паведаміў Елісейскі палац.
Прапановы тычацца арганізацыі прыёму ўцекачоў і іх справядлівага размеркавання ў Еўропе, а таксама прадугледжваюць удасканаленне стандартаў, каб умацаваць еўрапейскую сістэму выдачы прытулку, паведамляе расейская служба BBC.
"Гэтыя мужчыны і жанчыны са сваімі сем’ямі ратуюцца ад вайны і пераследаў. Яны маюць патрэбу ў міжнароднай абароне. Яна павінна быць ім нададзеная. Жэнеўскія канвенцыі, распрацаваныя пасля вайны, абавязковыя для ўсіх краін. Еўропа павінна абараняць тых, для каго яна - апошняя надзея", - гаворыцца ў заяве.
Мэркель і Аланд падкрэслілі, што калі гаворка ідзе пра нелегальных мігрантаў, якія незаконна спрабуюць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, іх трэба вяртаць назад, не зневажаючы іх каштоўнасці. Лідары заявілі аб патрэбе падтрымкі родным краінам гэтых мігрантаў і краінам транзіту.
У заяве падкрэсліваецца, што тысячы чалавек загінулі ў выніку спроб трапіць у Еўропу, і ЕЗ павінен дзейнічаць рашуча і ў адпаведнасці з яго каштоўнасцямі.
Раней на прэс-канферэнцыі ў Жэневе Ангела Мэркель пракаментавала заяву прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана, які назваў цяперашні крызіс "нямецкай праблемай". Меркель заявіла, што абарона тых, хто ратуецца ад вайны і пераследаў, - абавязак усіх краін у адпаведнасці з міжнародным правам. Усе краіны павінны выконваць яго, і Нямеччына ўжо робіць гэта, сказала яна.