BE RU EN

Аншлаг на «антыкрызісным форуме» прадпрымальнікаў у Менску

  • 11.01.2016, 13:20

Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў, які праходзіць у менскім гатэлі «Беларусь», сабраў блізу паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнэсу.

На форум з'ехаліся прадпрымальнікі з Менска, Гомеля, Берасця, Віцебска, Магілёва, Барысава, Жлобіна, Слуцка, Полацка, Наваполацка, Оршы, Слоніма, Маладзечна, Быхава, Бабруйска, Светлагорска, Асіповічаў, Мазыра, Добруша, Ліды, Чэрвеня, Заслаўя, Ваўкавыска , піша БелаПАН.

Фота: «Наша Ніва»
Анатоль Шумчанка
Фота: «Наша Ніва»
Фота: «Наша Ніва»
Фота: «Наша Ніва»

Дзяржаўныя органы на форуме прадстаўляюць намеснік начальніка ўправы арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў і кансультант дэпартамента аб прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Валерый Хомчанка.

Арганізатарам форуму выступае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва». Адкрываючы сустрэчу, старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка распавёў пра «гісторыю барацьбы ўлады з прадпрымальнікамі», пачынаючы з 2000 года. Ён адзначыў, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў былі прыклады, калі дзяржаве і прадстаўнікам малога бізнэсу ўдавалася дамовіцца і дасягнуць кампраміснага варыянту аб умовах працы ІП. «Гэта значыць, згоды можна дамагчыся шляхам кампрамісу, дыялогу, у рамках дамоўленасці бакоў», - сказаў Шумчанка.

Ён падкрэсліў, што беларускія прадпрымальнікі выступаюць не супраць «сертыфікацыі тавараў, цывілізаванага гандлю». «Мы супраць таго, каб без нашых заўваг прымалі ў дачыненні да нас законы тыя, хто з'яўляецца наўпроставым канкурэнтам нашаму бізнэсу. Калі за вас прымае пастанову канкурэнт, які спіць і бачыць, што вас няма, гэта называецца лабіяванне інтарэсаў», - заявіў лідар «Перспектывы».

Шумчанка звярнуў увагу на тое, што ў раду аб развіцці прадпрымальніцтва, якая ўдзельнічае ў распрацоўцы профільнага заканадаўства, не ўваходзяць прадстаўнікі малога бізнэсу.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў з просьбы Шумчанкі прааналізаваў указ Лукашэнкі №222 і прыйшоў да высновы, што гэты дакумент незаконна абмяжоўвае шэраг правоў грамадзян. «Гэта значыць, гэтыя законы прывялі да сацыяльнага канфлікту. У такім выпадку закон павінен быць неадкладна скасаваны альбо прыпынены», - сказаў лідар «Перспектывы».

Ён выказаў здагадку, што прадпрымальнікам, магчыма, трэба «скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы» і шляхам збору 50 тысяч подпісаў унесці ў «парламент» праект уласнай закона, які б стварыў спрыяльныя ўмовы для працы малога бізнэсу.

З 1 студзеня 2016 года ў Беларусі дзейнічае ўказ Лукашэнкі №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі». Згодна з указам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо выдаюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП зазнаюць штрафы, у іх канфіскуюць тавар.

Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў скасаваць указ пачутыя не былі. У выніку ў першыя дні новага года ў Менску ды іншых гарадах Беларусі многія рынкі і гандлёвыя цэнтры апынуліся практычна пустымі - пераважная большасць ІП прыпынілі сваю працу праз немагчымасць выконваць патрабаванні ўказа.

Апошнія навіны