Вярнем уладу народу
- Мікалай Статкевіч
- 16.11.2016, 11:14
Прымеркаваны да гадавіны антыканстытуцыйнага перавароту мітынг пачнецца а 18.00.
Пра гэта, каментуючы пачатак суда над Уладзімірам Кондрусем, напісаў у «Фэйсбуку» лідар беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.
«Расправа злачынцаў над сумленным чалавекам за яго спробу спыніць іх злачынства - так я ўспрымаю суд над апошнім вязнем Плошчы-2010 Уладзімірам Кондрусем.
20 гадоў таму ў выніку антыканстытуцыйнага перавароту Беларусь засталася без легітымнага парламента. У ліпені 1999 года гэты «прэзідэнт», пасля завяршэння свайго 5-гадовага тэрміну прэзідэнцтва, незаконна падоўжыў знаходжанне на пасадзе яшчэ на 2,5 года і канчаткова страціў легітымнасць. Падставай для грубага парушэння Канстытуцыі ён назваў кансультацыйны рэферэндум 24 лістапада 1996 года, фальсіфікаваныя вынікі якога так і не былі зацверджаны парламентам.
Захаванне дзяржаўнай улады неканстытуцыйнымі сродкамі з'яўляецца асабліва цяжкім злачынствам і караецца ў адпаведнасці з дзейным крымінальным кодэксам мінімум 10 гадамі турмы. Максімум - смяротнага пакараннем смерцю. (арт. 357 КК Беларусі).
Перыядычна гэта злачынства паўтараецца - на падставе сфальсіфікаваных «выбараў», якія праводзяцца прызначанымі нелегітымным «прэзідэнтам» выбарчымі камісіямі паводле правілаў, прынятых нелегітымным «парламентам».
19 снежня 2010 года Уладзімір Кондрусь, як і дзесяткі тысяч беларусаў разам з ім, зрабіў спробу перашкодзіць чарговаму акту злачынства. Яго дзеянні былі цалкам законнымі, бо грамадзянін мае права нават нанесці пэўную шкоду, каб прадухіліць больш небяспечнае злачынства (арт. 36 КК РБ). А разбітае кімсьці шкло - дробязь у параўнанні са злачынным захопам дзяржаўнай улады яшчэ на 5 гадоў, з забойствам і заключэннем апанентаў рэжыму, нацыянальнай здрадай і крадзяжом мільярдаў даляраў.
24 лістапада, у 20-ю гадавіну антыканстытуцыйнага перавароту, а 18.00 на пл. Свабоды ў Менску адбудзецца мітынг пратэсту супраць дыктатуры з патрабаваннем вярнуць скрадзеную ўладу народу.
Свабоду Уладзіміру Кондрусю!
Свабоду ўсім палітвязням!»