BE RU EN

Як працуюць тролі з БРСМ

  • 18.11.2016, 18:25

Гэта стала вядома з сакрэтных інструкцый верхавода БРСМ БДУ.

Чытач charter97.org падаў у рэдакцыю скрыншоты перапіскі з сацыяльных сетак, якія наглядна дэманструюць метады працы БРСМаўскіх троляў.

Пасля публікацыі ў незалежных СМІ інфармацыі аб тым, як адзін з верхаводаў БРСМ Сяргей Клішэвіч разам з АМАПам напаў на лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча на адкрыцці помніка Леніну каля МТЗ, іншы верхавод «лукамольцаў», сакратар ячэйкі БРСМ у Белдзяржуніверсітэце, Канстанцін Андрусевіч разаслаў сваім падапечным інструкцыі для вядзення «інфармацыйнай вайны».

«Калі мы не будзем падтрымліваць сваіх, то ў выніку атрымаем змену парадкаў і наогул таго, дзе мы працуем», - тлумачыць Андрусевіч неабходнасць «заступіцца» за свайго калегу, які абняславіўся каля помніка Леніну.

«Мы не проста студэнцкая арганізацыя, якая займаецца забаўкамі для студэнтаў. Калі нас папрасілі (не загадалі, хоць маглі і загадаць) – мы робім гэта», - піша верхавод БРСМ кіраўнікам суполак на факультэтах БДУ.

«Падключыце сваіх намеснікаў, не зробім – грош нам цана! Давайце спрацуем ужо. Дзякуй, зайцы!», - заканчвае сваю натхнёную прэамбулу кіраўнік «лукамольцаў» БДУ.

Далей ідуць канкрэтныя інструкцыі, што трэба рабіць БРСМаўскім тролям у сеціве. Загад просты: пракаментаваць «як след» артыкул пра Клішэвіча на сайтах charter97.org, «Беларускі партызан», «Салідарнасці», nn.by, tut.by.

Ад кожнага факультэта патрабавалася два «добрыя каментары» пад кожным артыкулам пра верхавода БРСМ. Дэдлайн – да 19 гадзін вечара таго дня, калі быў разасланы «загад» войску троляў. Для гэтага прадугледжвалася і строгая справаздачнасць з указаннем вобласці, сайта, мянушкі і скрыншота старонкі з каментаром.

Каментары патрабавалася пісаць пад чужымі імёнамі. Асноўныя тэмы каментароў – «гісторыя адная для ўсіх», «правакацыі вядуць да дэстабілізацыі», «БРСМ бароніць інтарэсы людзей» ды іншы няхітры набор прапаганды.

Відавочна, падначаленыя дрэнна выканалі загад свайго верхавода Андрусевіча, бо пазней ён напісаў ім: «Я зразумеў, што ад вас мала карысці. Пайду па 10 тысяч чалавек шукаць тых, хто зможа гэта зрабіць, калі нашы лідары БРСМ факультэтаў не могуць».

У каментары charter97.org Канстанцін Андрусевіч заявіў, што ніякіх інструкцый не было і размаўляць на гэтую тэму ён не будзе і кінуў слухаўку.

Апошнія навіны