BE RU EN

«Вітаўт» рыхтуецца скарыць вуліцы Менска

  • 20.11.2016, 12:51

Аднак у Польшчы ці Літве электробусы акупіліся б значна хутчэй.

Першыя беларускія электробусы Vitovt з'явяцца на вуліцах Менска ў снежні гэтага года.

Naviny.by пабывалі на вытворчасці і даведаліся падрабязнасці пра гэты новы для нашых дарог тыпп пасажырскага транспарту.

Электробусы выпускаюць на прадпрыемстве «Белкамунмаш» — адным з найбуйнейшых вытворцаў гарадскога электрычнага транспарту ў краінах СНД.

«Было зразумела, што рана ці позна ў святле таго, што на нашых вуліцах увесь час расце колькасць транспарту, тралейбус будзе мець праблемы, бо прывязаны да кантактнай сеткі. У выпадку паломкі самой сеткі альбо ўзнікнення аварыі на дарозе ён не можа рухацца далей. Праз гэтага пасажыры не могуць дабрацца да месца прызначэння. Выйсце было ў тым, каб рабіць транспартны сродак, які застанецца экалагічна чыстым, але не будзе мець тых адмоўных уласцівасцяў, якія мае тралейбус. І мы ўбачылі, што трэба развіваць электробусы», — распавядае дырэктар — галоўны канструктар навукова-тэхнічнага вытворчага цэнтра «Белкамунмаш» Алег Быцко.

Прынцып працы электробуса практычна нічым не адрозніваецца ад тралейбуса. Абодва тыпы транспарту працуюць ад электраэнэргіі. Толькі ў тралейбусе электраэнергія паступае ад кантактнай сеткі, а ў электробусе — ад усталяванага на борце назапашвальніка.

«Белкамунмаш» выкарыстоўвае кітайскія назапашвальнікі кампаніі «Чэнду Сіньджу», якія па-іншаму называюцца супэркандэнсатарамі. Яны сілкуюцца цягам 6 хвілін і дазваляюць электробусу праехаць амаль 12 кіламетраў.

«На канчатковых прыпынках будзе абсталяваны спецыяльны пункт сілкавання, да якога будзе пад'язджаць электробус, падымаць калектар, размешчаны на даху, злучацца з кантактамі, размешчанымі на гэтым пункце сілкавання, шэсць хвілін сілкавацца, апускаць бягучы калектар і ехаць на маршрут. У такім рэжыме электробус зможа праехаць 12 кіламетраў», — тлумачыць дырэктар — галоўны канструктар НТПЦ «Белкамунмаш».

На гэты момант прадпрыемства выпускае дзве мадэлі электробусаў: E420 Vitovt Electro на 90 пасажыраў і падвойны E433 Vitovt Max Electro на 153 пасажыры, хуткасць якіх можа дасягаць 60 км/г.

Алег Быцко не называе кошт электробуса, але кажа, што ў параўнанні з тралейбусам ён больш выгадны.

«Электробус даражэйшы, чым тралейбус, калі браць толькі кошт набыцця, але калі браць кошт тралейбусных або электробусных маршрутаў, то ў тым выглядзе, якім мы прапануем, электробус эканамічна больш эфектыўны, чым тралейбус, цягам тэрміну службы», — тлумачыць Алег Быцко.

Пры гэтым ён прызнаецца, што з сённяшнімі коштамі на электраэнэргію электробус не акупіцца за час эксплуатацыі, тэрмін якой складае 10 гадоў.

«Зыходзячы з кошту электраэнэргіі і кошту дызпаліва, то ў нас пакуль не акупіцца. У Польшчы і Літве акупіцца, бо там электраэнэргія таннейшая, чым у нас, а дызпаліва даражэйшае», — адзначае дырэктар — галоўны канструктар НТПЦ «Белкамунмаш».

Цяпер прадпрыемства займаецца вырабам 20 электрабусаў паводле кантракту з «Мінсктранс».

«У рамках гэтага кантракту два электробусы павінны пачаць тэставую эксплуатацыю да новага года, яшчэ васямнаццаць — да 1 сакавіка наступнага года. І ўжо ў нармальным рэжыме маршрут, а можа быць нават два, пачнуць функцыянаваць вясной наступнага года», — распавядае Алег Быцко.

Першыя электробусы жоўтага колеру пачнуць ездзіць у тэставым рэжыме маршрутам тралейбуса №59 у снежні гэтага года.

«Час пакажа, ці хутка мы пяройдзем на электробусы, але першы крок ужо зроблены. І як кажуць кітайцы, кожны вялікі паход пачынаецца з малога кроку», — адзначае дырэктар — галоўны канструктар НТПЦ «Белкамунмаш».

Апошнія навіны