BE RU EN

Вярнуць уладу народу

  • 24.11.2016, 8:49

20 гадоў таму ў Беларусі адбыўся канстытуцыйны пераварот.

24 лістапада 1996 года на ініцыятыву Лукашэнкі ў Беларусі адбыўся рэферэндум, паводле вынікаў якога ў Канстытуцыю ўнеслі змены, якія, акрамя іншага, працягнулі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на два з паловай года і дазволілі яму ўзурпаваць уладу. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю, Еўразвязам, ЗША, АБСЕ і іншымі аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі.

Сёння ў Менску апазіцыя правядзе акцыю пратэсту. Пра свае намеры Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў апавясцілі Мінгарвыканкам.

Акцыя адбудзецца а 18-00 на плошчы Свабоды ў Менску.

«Гэта не заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства, якая падаецца за 15 дзён, а менавіта апавяшчэнне. У Беларусі адсутнічае легітымнае заканадаўства што да пытанняў правядзення масавых акцый. Дзейныя законы груба парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян і не адпавядаюць міжнародным абавязкам Беларусі», – заявіў “Белсату” Мікалай Статкевіч.

З ягоных слоў, цяпер даводзіцца «кіравацца Канстытуцыяй і практыкай, якая склалася ў суседніх краінах».

«Мы паведамляем уладам, што будзем выкарыстоўваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў 24 лістапада на плошчы Свабоды, дзе правядзем мітынг, прысвечаны 20-й гадавіны дзяржаўнага перавароту, чорнай даты ў гісторыі Беларусі», – адзначыў Статкевіч.

Як гэта было

Рэферэндуму 1996 года папярэднічала жорсткае супрацьстаянне Лукашэнкі і Вярхоўнага Савета.

Да палітычнага крызісу прывяло імкненне прэзідэнта на 101% сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках. Дзеля гэтага Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум для ўнясенне змяненняў у Асноўны закон, нагадвае «Салідарнасць».

Лукашэнка ішоў напралом. Напярэдадні зняў свайго палітычнага апанента Віктара Ганчара з пасады старшыні Цэнтрвыбаркама (хоць прызначэнне і звальненне кіраўніка ЦВК тады з'яўлялася выключна правам Вярхоўнага Савета) і пасадзіў на яго месца сваю заўзятую прыхільніцу Лідзію Ярмошыну.

У адказ парламент пачаў працэдуру імпічменту прэзідэнта: больш за 70 дэпутатаў падпісалі адпаведны зварот у Канстытуцыйны Суд. За ўвесь час свайго прэзідэнцтва ніколі (ні да, ні пасля) Лукашэнка не быў так блізкі да правалу.

Увечары 18 лістапада 1996-га кіраўнік Беларусі выступіў праз дзяржаўную тэлевізію. Лукашэнка выглядаў разгубленым і заклікаў да згоды. З нехарактэрнай для сябе млявасцю прэзідэнт паведаміў, што пастанову аб адхіленні яго ад улады КС можа прыняць ужо найбліжэйшай ноччу.

Аднак каманда Лукашэнкі знайшла слабое месца ў старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні. У выніку імпічмент адразу не абвясцілі, момант быў упушчаны, і ініцыятыву перахапіў прэзідэнт.

Арыя маскоўскіх гасцей

Спрабуючы адолець Аляксандра Лукашэнку, старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі і яго прыхільнікі звярнуліся за падтрымкай у Маскву. Спікер вельмі разлічваў на «дапамога сябра» – кіраўніка верхняй палаты расейскага парламента Ягора Строева.

21 лістапада каля сямі гадзін вечара ў Менску прызямліўся «міратворчы дэсант». Акрамя Ягора Строева, у яго склад уваходзілі прэм'ер-міністр РФ Віктар Чарнамырдзін і старшыня Дзярждумы Генадзь Селязнёў.

Сямён Шарэцкі сустракаў гасцей хлебам-соллю. Лукашэнка ў аэрапорт не паехаў.

Усё ж з нагоды візіту высокапастаўленых гасцей адміністрацыя прэзідэнта і Вярхоўны Савет селі за стол перамоваў. Пошукі кампрамісу доўжыліся ўсю ноч. А калі раніцай стала вядома, да чаго дамовіліся бакі, многія ахнулі: Вярхоўны Савет скончыў жыццё палітычным самагубствам.

Пад ціскам расейскіх кіраўнікоў Сямён Шарэцкі пагадзіўся на скліканне канстытуцыйнага сходу, у якім Аляксандр Лукашэнка меў бы наўмысную большасць. Гэты орган цягам трох месяцаў павінен быў прыняць новы Асноўны закон, і кіраўнік Беларусі атрымаў бы ўсё, што хацеў, ужо найбліжэйшай зімой.

Аднак Лукашэнка наважыў не чакаць яшчэ 90 дзён. Праз некалькі гадзін пасля падпісання «міравой» ён пры дапамозе сваіх прыхільнікаў сярод дэпутатаў сарваў прыняцце пагаднення Вярхоўным Саветам і, абвінаваціўшы парламент у вераломстве, сам адмовіўся выконваць дамоўленасці, якія прадугледжваюць у тым ліку кансультатыўны характар маючага адбыцца рэферэндуму.

Астатняе было справай тэхнікі. Дэмаралізаваны Вярхоўны Савет ужо ператварыўся ў баксёрскую грушу для Лукашэнкі. У хуткім часе Лідзія Ярмошына абвясціла пра беспярэчную перамогу Аляксандра Лукашэнкі на рэферэндуме і пра поўны правал яго праціўнікаў.

Лукашэнка павінен сысці

«20 гадоў таму Лукашэнка цалкам захапіў і ўзяў пад кантроль усю ўладу. У нармальных краінах улада дзеліцца: выканаўчая ў аднаго інстытута, заканадаўчая - у парламента, судовая - у незалежнай судовай сістэмы.

Гэты чалавек груба парушыў прысягу. Змена ўлады законным спосабам у Беларусі стала немагчымай. Гуляць з Лукашэнкам у «выбары» - значыць, гуляць у яго гульню. Ён кантралюе выбарчы працэс і ніколі не «намалюе» працэнт менш, чым яму патрэбны.

Фактычна, усе дзяржаўныя органы сталі органамі аднаго чалавека. Да чаго гэта прывяло - мы гэта бачым цяпер. Ён даволі доўгі час гандляваў кавалачкамі нашага суверэнітэту. Хацеў увесь суверэнітэт аддаць, але ў 1999 годзе мы яго спынілі. Тады ён кавалкамі непрыкметна пачаў прадаваць. За кошт гэтага карміў сваіх чыноўнікаў, сілавыя структуры. Але цяпер гэтая схема ўжо не працуе. Наша эканоміка ўжо падышла да мяжы, калі канкурэнтаздольнасць на ўсіх рынках немагчымая. Беларусь бяднее, беларусы з'язджаюць за мяжу, згаджаюцца на любую працу, каб хоць неяк выжыць. Да гэтага нас давёў адзін чалавек, які зрабіў сваю ўладу нязменнай.

Мы нічога не зробім з гэтым, калі не выйдзем на пратэст. Улады і далей будуць уважаць, што з намі так можна. Давядуць беларусаў да сапраўднага голаду. Гэтая ўлада паважае толькі сілу і ёй трэба даць адпор.

24 лістапада а 18.00 на плошчы Свабоды ў Менску пройдзе мірная акцыя з патрабаваннем вярнуць уладу народу. Я не думаю, што ўлады пойдуць на нейкія брутальныя крокі: у Лукашэнкі банальна няма грошай. Гэта эканамічная і палітычная мадэль збанкрутавала, і ён вымушаны жабраваць па ўсім свеце. Таму ўлады, сціснуўшы зубы, будуць проста назіраць за нашым пратэстам. Баяцца іх не варта, ды і баяцца ўжо няма чаго: калі паглядзець, што нас чакае наперадзе, то выснова адна – трэба выходзіць на пратэст», - заявіў у інтэрв'ю charter97.org Мікалай Статкевіч.

Апошнія навіны