Ярмошына загаварыла аб падаўжэнні паўнамоцтваў Лукашэнкі
- 28.11.2016, 17:55
Кіраўніца ЦВК не выключае магчымасці «рэферэндуму» ў гэтым пытанні.
Рэферэндум аб павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» і Лукашэнкі, а таксама аб пераходзе да прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сістэме ў Беларусі можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы», - заявіла БелаПАН старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Каментуючы сваё меркаванне з нагоды прапановы Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) арганізаваць адначасова з «выбарамі» ў мясцовыя «саветы» 2018 года рэспубліканскі рэферэндум, кіраўніца ЦВК адзначыла: «У мяне тут няма і не можа быць думкі праз тое, што я не бяру ўдзелу ў прыняцці палітычных пастаноў. Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным плане магла б спрыяць стабільнасці грамадства і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».
З ініцыятывай аб правядзенні рэферэндуму аб змяненнях у Канстытуцыі ЛДП выступіла на мінулым тыдні. Адпаведная заява прынятая вышэйшым саветам і цэнтральным камітэтам партыі 23 лістапада. ЛДП прапаноўвае перайсці на прапарцыйна-мажарытарную сістэму «выбараў», а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў членаў «савета рэспублікі», «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» і «дэпутатаў» мясцовых «саветаў» з чатырох да пяці гадоў, а Лукашэнку — з пяці да сямі гадоў.
Апошні рэферэндум аб зменах у Асноўным законе прайшоў 17 кастрычніка 2004 года на ініцыятыву Лукашэнкі. Паводле яго афіцыйных вынікаў было скасаванае абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
7 кастрычніка на сустрэчы з «парламентарыямі» ранейшага і новага скліканняў Лукашэнка заявіў, што не выключае карэкціроўкі Канстытуцыі.
«Свет імкліва мяняецца. Мы павінны адаптавацца да новых варункаў, каб не толькі не страціць занятыя намі нішы, але і знайсці новыя. Магчыма, наспеў час і правесці аналіз нашага Асноўнага закона, я ўжо неяк аб гэтым казаў. Паспрабуем падысці да гэтага пытання з розных бакоў. Акуратна, каб не зрабіць горш. З'явіліся новыя праблемы, выклікі. Ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем», — сказаў Лукашэнка.