Антусевіч: Выдаткі на пошук «дармаедаў» - страляніна з гарматы па вераб'ях
- 3.11.2016, 19:05
Выдаткі на працу чыноўнікаў, якія шукаюць «дармаедаў», несувымерныя з тымі грашыма, якія дзяржава ў выніку атрымлівае.
З беларускіх «дармаедаў» сабрана ўжо амаль мільён рублёў. Грошы паступілі ў бюджэт ад тых, хто ў мінулым годзе не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў, адзначылі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Паведамленні аб патрэбе заплаціць «падатак на дармаедства» накіраваныя яшчэ 50-ці тысячам беларусаў.
«Выдаткі на працу чыноўнікаў, якія шукаюць «дармаедаў», несувымерныя з тымі грашыма, якія дзяржава ў выніку атрымлівае», - каментуе «Радыё Рацыя» намеснік Старшыні Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Сяргей Антусевіч:
- Гэта падобна да страляніны з гарматы па вераб'ях. Натуральна, мы пра гэта казалі і раней. Можна, вядома, паказваць і казаць пра якія-небудзь лічбы, але пры гэтым існуюць вялікія выдаткі на адміністрацыйныя працэдуры. Тым больш што мы ведаем, што Міністэрства падаткаў і збораў ужо выбачылася, маўляў, атрымальнікі, магчыма, выпадкова трапілі ў гэты спіс, але ўсё адно трэба ісці і даказваць сваю невінаватасць. Мы па-ранейшаму супраць гэтага ўказу і будзем дамагацца яго скасавання.