BE RU EN

Міклаш Харашці рэзка раскрытыкаваў дыктатуру ў Беларусі

  • 10.02.2016, 11:50

Лукашэнка не прадэманстраваў ніякай ахвоты рэфармаваць закаранелую і надзвычай дэспатычную прававую сістэму.

«Цягам апошніх чатырох месяцаў у Беларусі не адбылося ніякіх зменаў, накіраваных на змену рэпрэсіўных законаў і практыкі, у той час як з'явіліся шматлікія выпадкі новых парушэнняў асноўных правоў», - адзначыў спецыяльны дакладчык ААН у пытанні стану правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці ў апублікаванай 9 лютага заяве.

У сваёй заяве праваабаронца нагадвае, што «прэзідэнцкія выбары», якія прайшлі ў кастрычніку, як і ўсе папярэднія выбары, пачынаючы з 1990-х гадоў, «не адпавядалі дэмакратычным стандартам, у той час як перавыбранне дзейнага кіраўніка краіны заснавана на не падкантрольным прыходу выбарцаў і непразрыстым падліку галасоў».

«Тым не менш, - адзначыў Харашці, - разам з міжурадавымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі я вітаў вызваленне палітычных зняволеных напярэдадні «выбараў». Добрым знакам было тое, што, у адрозненне ад выбараў 2010 года, улады устрымаліся ад прымянення гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў і не арыштоўвалі альтэрнатыўных кандыдатаў».

«На жаль, змрочны стан правоў чалавека ў краіне застаецца нязменным», - падкрэсліў спецыяльны дакладчык ААН.

«Улады не спынілі сістэматычны пераслед тых, хто спрабуе ажыццяўляць свае індывідуальныя, грамадзянскія, палітычныя і іншыя правы, нягледзячы на частковае прыпыненне санкцый з боку ЕЗ і ЗША, якое было ўжытае ў чаканні далейшага паляпшэння правоў чалавека», - сказаў ён. «Яны таксама не прадэманстравалі ніякага жадання рэфармаваць закаранелую і надзвычай дэспатычную прававую сістэму».

Незалежны экспэрт адзначыў, што ўрад не аднавіў у грамадзянскіх і палітычных правах вызваленых палітвязняў, і падкрэсліў, што «не былі спыненыя палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча і журналіста Аляксандра Алесіна, як і турэмнае зняволенне актывіста Міхаіла Жамчужнага».

«Застаецца ў сіле забарону на ўезд у краіну ў дачыненні да беларускай праваабаронцы Алены Танкачовай, а тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну з прычыны палітычнага пераследу, не было дадзена гарантый бяспечнага вяртання», - сказаў Харашці, дадаўшы, што праваабарончым арганізацыям «За сумленныя выбары», ПЦ «Вясна» і іншым «неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі па надуманых адміністрацыйных прычынах».

«Спыненне ўсіх гэтых формаў адвольнага пераследу патрабуе ўсяго толькі палітычнай волі ў гэтай высока цэнтралізаванай сістэме», - сказаў ён. «Тым не менш, неабходныя змены не павінны абмяжоўвацца мяккім падыходам да існуючых рэпрэсіўным правілаў. Урад Беларусі павінен распачаць шырокія рэформы для прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі ў галіне правоў чалавека».

Спецыяльны дакладчык падкрэсліў, што Беларусь ужо дваццаць гадоў застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе няма апазіцыі ў «парламенце». Тым не менш, сказаў ён, «парламенцкія выбары, якія павінны адбыцца ў 2016 годзе, будуць яшчэ адной магчымасцю для ўладаў, каб засведчыць сваю прыхільнасць да рэформаў».

«Я гатовы супрацоўнічаць з уладамі, каб гарантаваць, што ў выніку свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў будзе створаны моцны плюралістычны заканадаўчы орган. Такія крокі будуць сведчыць пра гатоўнасць уладаў паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне і працаваць у напрамку захавання міжнародных стандартаў», - сказаў на заканчэнне Харашці.

Апошнія навіны