Павел Севярынец: Калі зняць санкцыі, Лукашэнка зноў пачне браць закладнікаў
- 11.02.2016, 16:37
Нельга даць рэжыму адчуць сябе беспакараным.
Пра гэта ў інтэрв'ю palitviazni.info заявіў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, каментуючы словы спецдакладчыка ААН аб Беларусі Міклаша Харашці пра тое, што з моманту правядзення «выбараў» у кастрычніку 2015 года «ніякіх зменаў у змрочнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося».
- Напраўду ў нас ужо дзясяткі палітвязняў, - сказаў Павел Севярынец. - Гэта тыя, хто ў шэрагу выпадкаў яшчэ знаходзяцца пад наглядам, страцілі працу і здароўе. Іншыя бачаць сітуацыю і думаюць: маўляў, чалавек «палез у палітыку», атрымаў за гэта, ягонае жыццё зламанае, а, значыць, навошта нам займацца гэтай справай? Таму, безумоўна, рэабілітацыя палітвязняў - гэта патрабаванне справядлівасці. І гэта патрабаванне ў дачыненні да сённяшняй улады будзе існаваць стала.
Хоць не верыцца, што рэжым пойдзе на рэабілітацыю былых палітычных зняволеных. Гэта немагчыма нават уявіць. Пакуль ён ёсць, будзе падтрымлівацца і ўзровень страху ў грамадстве.
- Ці актуальнае пытанне рэабілітацыі асабіста для вас?
- Перш за ўсё хачу сказаць, што раней я ведаў, на што іду. Барацьба - гэта не зручнасці. Змагаешся - будзь гатовы да цяжкасцяў. Але я ведаю людзей, для якіх пытанне рэабілітацыі - вельмі сур'ёзная праблема. І ведаю тых, хто, гледзячы на палітвязняў, у палітыку не ідзе. Таму рэабілітацыя - гэта, хутчэй, праблема нацыянальнага маштабу, чым асабістая.
- Не думаю. Цяпер, калі гаворка ідзе пра развязанне «беларускага пытання», еўрачыноўнікі будуць кіравацца зусім іншымі меркаваннямі. Тут бачны прагматызм асобных палітыкаў. Шэраг міністраў замежных спраў краін Еўразвязу ўжо заявілі, што яны выступаюць за зняцце санкцый у дачыненні да Беларусі, хоць, як адзначыў той жа спецдакладчык ААН, нічога прынцыповага ў сітуацыі з правамі чалавека не змянілася. Б'юць журналістаў, вядуцца крымінальныя справы паводле палітычных матываў, пераследуюць за іншадумства і штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту... Адным словам, не памянялася практычна нічога, але еўрапейцы праз геапалітычныя і прагматычныя меркаванні ідуць на супрацоўніцтва з беларускай уладай. І тут пытанне рэабілітацыі, як мне здаецца, наогул не разглядаецца. Я нават не чуў з вуснаў еўрапейцаў за апошнія месяцы гэтага патрабавання. Што тычыцца Харашці, то ён адзін з нямногіх, хто падняў гэтую праблему.
- Дык можа на Захадзе прыслухаюцца да слоў спецдакладчыка ААН?
- Ягоныя словы, безумоўна, маюць вагу, але ўсё вызначаюць цяпер у Еўропе канкрэтныя выканаўцы. І сёння, наколькі мне вядома, ёсць дзве лініі. Адна выступае за тое, каб зняць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск не прасоўваецца ў кірунку дэмакратычных пераменаў. Другая - за тое, каб прадоўжыць замарожванне санкцый. І мне здаецца - пакуль больш тых, хто за зняцце санкцый. На мой погляд, калі гэта будзе зроблена, то ўлада зразумее сваю беспакаранасць і можа вярнуцца практыка палітвязняў-закладнікаў.