Дыктатары прымуць новую вайсковую дактрыну «саюзнай дзяржавы»
- 16.02.2016, 12:38
У яе аснову ляжа вайсковая дактрына Расеі 2015 года.
Беларусь і Расея прымуць новую Вайсковую дактрыну «саюзнай дзяржавы», паведаміў сябра камісіі ў нацыянальнай бяспецы «палаты прадстаўнікоў» Нацыянальнага сходу Беларусі Зыгмунд Валевач журналістам у аўторак у Менску.
«На падставе расейскай вайсковай дактрыны 2015 года і нашай беларускай 2016 года будзе створаная і разгледжаная новая вайсковая дактрына «саюзнай дзяржавы», - сказаў «парламентарый», словы якога цытуе БелТА.
Валевач нагадаў, што на аснове вайсковых дактрын Беларусі і Расеі папярэдняя «саюзная дактрына» была прынятая ў 2001 годзе.
«Прайшло больш за 14 гадоў. За гэты час у Расейскай Федэрацыі была прынятая вайсковая дактрына ў 2010 годзе і ў 2015-м. Цяпер з'яўляецца новая дактрына Беларусі», - дадаў «дэпутат».
Ён адзначыў, што прыняцце саюзнай дактрыны важнае, таму што ёсць сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі. «Мы не можам не гаварыць аб адзінай сістэме СПА, мы не можам адысці ад паняцця Дамовы аб калектыўнай бяспецы», - падкрэсліў «парламентарый».
«Дэпутат» звярнуў увагу таксама на тое, што цяпер у склад Паўночна-Атлантычнага альянсу ўваходзяць новыя краіны. Напрыклад, не так даўно ў блок ўвайшла Чарнагорыя. Найбліжэйшым часам будзе разгледжанае пытанне аб уключэнні іншых балканскіх дзяржаў. Не выключана і ўключэнне Грузіі, Малдовы.