BE RU EN

22 лютага, Менск, плошча Кастрычніцкая, 12.00

  • 19.02.2016, 14:13

Лідары апазіцыі звярнуліся да беларусаў напярэдадні новай акцыі пратэсту.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апублікаваў на сайце партыі зварот наступнага зместу:

- Як толькі індывідуальныя прадпрымальнікі ды людзі іншых прафесій і заняткаў сталі на Кастрычніцкай плошчы разам, плячо ў плячо, тут жа ў сацсетках загаласілі, захлюпалі: «не тыя прыйшлі, не тое распавядалі, не так стаялі». Тут жа каток КДБ пракаціўся па прадпрымальніках, якія зрабілі заяўку быць лідарамі.

Сябры, наша сіла ў тым, што мы разам, а «дарадчыкі» далей сваіх паведамленняў нікуды не пойдуць і нічога рабіць не будуць! Таму я прашу ўсіх, каму дазваляе час і магчымасці, незалежна ад кшталту вашай дзейнасці, месца жыхарства, прыналежнасці да арганізацыі - прыходзьце, прыязджайце ў панядзелак, 22 лютага ў Менск. 12.00, плошча Кастрычніцкая. Гэта сапраўды важна! Да таго ж у Берасці, Гомлі ўлады адмовілі ў правядзенні мітынгаў!

Гэты зварот да ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Да тых, хто мяркуе, што гэта ненармальна, калі ў людзей няма права выбару. Да тых, каго шакуюць забароны, падаткі, зборы ды іншыя паборы, якія штотыдзень множацца. Да тых, хто не хоча жыць у каставым грамадстве, дзе ў адных толькі правы, а ў астатніх толькі абавязкі. Да тых, хто не хоча субсідаваць будаўніцтва катэджаў і рахункі Мясніковіча, Пракаповіча і ім падобных. Да тых, для каго важна жыць у краіне, дзе ёсць незалежны суд, абраны парламент і адказны ўрад. Да тых, хто пачынае разумець, што сваё мы павінны зрабіць самі, а не чакаць прышэсця Дзеда Мароза з чароўнай палачкай.

Гэта просьба да індывідуальных прадпрымальнікаў і таксістаў, да лекараў і «дармаедаў», да работнікаў МАЗа і ІТ-каў, да студэнтаў і іх бабуль! Мы ўсе з вамі ў адным дзіравым чоўне з самаўлюбёным капітанам і непрафесійнай зладзеявата камандай. Давайце разам супраціўляцца злу, жлобству, прававому бязмежжу і ўсёдазволенасці. Давайце разам змагацца за сістэмныя структурныя рэформы, за новы эканамічны курс, за самапавагу, за нармальную краіну!

Апошнія навіны