Пуцін едзе ў Беларусь
- 22.02.2016, 16:33
У рамках рабочага візіту ў справах «саюзнай дзяржавы» прадугледжаная «асобная сустрэча» з Лукашэнкам.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 25 лютага наведае Беларусь з рабочым візітам.
«Парадкам дня прадугледжанае, прынамсі, прыняцце бюджэту «саюзнай дзяржавы» на 2016 год, зацвярджэнне праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне замежнай палітыкі на 2016-2017 гады, абмеркаванне вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Расеі ды Беларусі за мінулы год і шэраг іншых двухбаковых пытанняў», - паведамілі ў прэс-службе Крамля.
«Непасрэдна перад пасяджэннем Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка правядуць асобную сустрэчу, падчас якой абмяняюцца думкамі аб далейшым развіцці расейска-беларускіх дачыненняў, а таксама ў актуальных міжнародных тэмах», - удакладнілі ў прэс-службе.
Нагадаем, што 5 лютага Лукашэнка ў Сочы сустрэўся з Пуціным. Расейскі кіраўнік і беларускі дыктатар, паводле афіцыйнай версіі, абмеркавалі «двухбаковыя стасункі ды інтэграцыйныя пытанні».
На думку палітычнага экспэрта Алеся Лагвінца, на сустрэчы «Лукашэнка выпрошваў у Пуціна чарговую падачку».