Статкевіч пераабраны старшынём аргкамітэта ў стварэнні БСДП (Народная Грамада)
- 28.02.2016, 20:35
Такая пастанова паводле вынікаў тайнага галасавання прынятая 28 лютага на пасяджэнні цэнтральнага камітэта арганізацыі ў Менску.
Як адзначыў Статкевіч, нават ва ўмовах некаторай лібералізацыі, якая назіраецца ў Беларусі, аргкамітэту наўрад ці ўдасца знайсці вялікае памяшканне для правядзення ўстаноўчага з'езду партыі. Акрамя таго, з яго слоў, улады з вялікай верагоднасцю адмовяць у афіцыйнай рэгістрацыі партыі, таму яна пакуль працягне дзейнічаць у статусе аргкамітэта паведамляе БелаПАН.
Статкевіч узначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада) з 1995 года. У канцы 2004 года ў партыі адбыўся раскол, і ў студзені 2005-га Мінюст прызнаў факт выключэння Статкевіча з радоў партыі. 15 студзеня таго ж года адбыўся з'езд БСДП (Народная Грамада), на якім старшынём партыі быў абраны Анатоль Ляўковіч. Пры гэтым партыя змяніла назву і стала называцца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада). У 2005 годзе Статкевіч заявіў пра намер ізноў заснаваць БСДП (Народная Грамада).
31 траўня 2005 года палітык быў прысуджаны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне Статкевіч адбываў у Баранавічах Берасцейскай вобласці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Менскай вобласці.
25 лістапада 2007 года прайшла першая сесія ўстаноўчага з'езду БСДП (Народная Грамада), на якой Статкевіч быў абраны яе кіраўніком. З тых часоў партыя дзейнічае ў фармаце аргкамітэта.
Падчас «прэзідэнцкіх выбараў» 2010 года Статкевіч заяўляў: яго задача-максімум - «прымусіць уладу лічыць галасы», задача-мінімум - «нанесці такую псіхалагічную і палітычную шкоду ўладзе, у выніку якога эканамічныя, а потым палітычныя змены будуць у хуткім часе непазбежныя». Для гэтага неабходна, каб «тыя, хто знайшоў у сабе сілы пратэставаць, выказалі гэты пратэст».
Паводле звестак ЦВК, на выбарах Статкевіч набраў 1,05% галасоў выбаршчыкаў.
Як і іншыя апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, Статкевіч быў арыштаваны вечарам 19 снежня 2010 года пасля несанкцыянаванага мітынгу грамадзян, незадаволеных афіцыйнымі вынікамі выбараў.
20 снежня 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады).