Мікалай Статкевіч: Рэжым ідзе да свайго фіналу
- 29.02.2016, 18:35
Лідар апазіцыі мяркуе, што ў найбліжэйшыя некалькі гадоў у краіне могуць адбыцца змены ў палітычнай сістэме.
«Сацыяльныя пратэсты нарастаюць і мы павінны іх узначаліць, - заявіў старшыня аргкамітэта для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч у інтэрв'ю «Радыё Рацыя». - Указы, якія руйнуюць індывідуальнае прадпрымальніцтва, падвышэнне коштаў камунальных паслуг - падзеі, якія выклікаюць абурэнне ў беларускім грамадстве. Сацыяльна-эканамічная мадэль, якой так доўга прытрымліваецца Лукашэнка, паказвае свае недахопы».
Са словаў Статкевіча, далей гэтая сістэма працаваць не можа.
«Канкурэнтаздольнасць нашай народнай гаспадаркі значна ўпала. Адначасова зменшыліся расейскія датацыі. Тыя, хто здольны думаць і лічыць, - яны чакалі гэтага. Але большасць, безумоўна, спадзявалася, што неяк ўсё абыдзецца, і як казаў Лукашэнка, «народ заўсёды даруе ўладзе». Але ўжо так больш не будзе», - мяркуе палітык.
Пры гэтым Статкевіч упэўнены, што ў найбліжэйшыя некалькі гадоў у краіне могуць адбыцца змены ў палітычнай сістэме.