Лукашэнка ў Сочы сустрэнецца з Пуціным
- 5.02.2016, 14:01
Расейскі кіраўнік і беларускі дыктатар абмяркуюць «двухбаковыя стасункі, і інтэграцыйныя пытанні».
Сёння, 5 лютага, у Сочы адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова.
З ягоных слоў, бакі абмяркуюць «і двухбаковыя стасункі, і інтэграцыйныя пытанні».
Нагадаем, 28 студзеня Лукашэнка размаўляў з Пуціным праз тэлефон. Прэзідэнты дамовіліся аб сустрэчы ў найбліжэйшы час.
31 студзеня Лукашэнка сустрэўся ў Сочы са старшынём урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, абмеркаванне праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы, «бакі дамовіліся, што Беларусь і Расея будуць супольна пераадольваць негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі». Пасля сустрэчы Лукашэнка «апрабаваў горналыжныя трасы і пастанавіў застацца ў Сочы на кароткачасовы адпачынак».
Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з Пуціным 15 снежня 2015 года падчас візіту ў Маскву. Візіт адбываўся паводле запрашэння Пуціна.
На думку аналітыка-міжнародніка Андрэя Фёдарава, Лукашэнка першапачаткова разлічвае на размову з Пуціным у Сочы, каб папрасіць грошай.
«Сустрэча з Мядзведзевым была так, па ходу справы», - мяркуе экспэрт. На ягоную думку, для беларускага дыктатара галоўная тэма перамоваў - грошы, а для прэзідэнта РФ - вайсковая авіябаза і эканамічныя ўзаемаадносіны з Украінай.