Моцныя пратэсты прымусяць улады лічыцца з ІП
- 8.02.2016, 9:56
Дыктатар зводзіць асабістыя рахункі з прадпрымальнікамі.
Сёння адбудзецца першае пасяджэнне рабочай групы ў пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, створанай у Міністэрстве эканомікі.
Прадстаўнікі ўрада і бізнэс супольнасці абмяркуюць праблемы захавання патрабаванняў аб сертыфікацыі прадукцыі, нагадвае «Заўтра тваёй краіны».
Сасноў: Класавая нянавісць мацнейшая
Ці гатовыя ўлады пайсці на саступкі «іпэшнікам»?
- Гэта толькі спосаб зацягнуць пытанне, каб у далейшым знішчыць прадпрымальніцтва, - мяркуе былы міністр працы Аляксандр Сасноў. - У нас у краіне ўсё залежыць ад аднаго чалавека. Астатняе антураж: выпусціць пар, пагаварыць, пачакаць, каб гэтая праблема рассмакталася.
Экспэрт нагадвае, што ў 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што беларускіх бізнэсоўцаў «трэба стрэсці, як вашывых блох!»
На думку экс-міністра, кіраўніка Беларусі не спыніць той факт, што прадпрымальнікі плацяць грошы ў бюджэт, не патрабуюць ад дзяржавы дапамогі.
- У гэтым выпадку класавая нянавісць мацнейшая, - перакананы Аляксандр Сасноў.
Кіраўнікоў краіны не хвалюе далейшы лёс «іпэшнікаў»
Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што галоўнае патрабаванне прадпрымальнікаў - скасаванне прэзідэнцкага ўказу №222, які абавязвае «іпэшнікаў» рэалізоўваць прадукцыю, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. А паколькі пастаўшчыкі адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя, то беларускіх прадпрымальнікаў штрафуюць.
Са слоў экспэрта, урадавыя чыноўнікі самі не могуць развязаць гэтую праблему.
- Так, указ №222 можна адтэрмінаваць яшчэ на паўгода, як гэта ўжо рабілася двойчы. Але потым праблема паўстане зноў. Зноў жа, каб адтэрмінаваць, трэба пастанова прэзідэнта. А чыноўнікі могуць толькі абяцаць, што не будуць паўгода правяраць прадпрымальнікаў, або што штрафы будуць невялікія. На ўсё астатняе ў іх няма паўнамоцтваў, - падкрэслівае аналітык.
Ён мяркуе, што ў беларускіх уладаў ёсць некалькі прычын для незадаволенасці індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
- Па-першае, ІП ўвозяць тавар з-за мяжы, а ўрад шмат гадоў вядзе барацьбу з імпартам. Лукашэнка яшчэ летась сказаў, звяртаючыся да ІП, што «вы знішчаеце лёгкую прамысловасць Беларусі», увозіўшы тавар з-за мяжы, што стварае канкурэнцыю айчыннай лёгкай прамысловасці, - нагадвае экспэрт.
Аднак галоўная прычына негатыўнага стаўлення ўладаў да «іпэшнікаў», на думку Валерыя Карбалевіча, у тым, што самім сваім існаваннем прадпрымальнікі парушаюць патэрналісцкую мадэль дзяржавы.
- Беларускія ўлады спачатку вялікай лыжкай адбіраюць ва ўсіх, а потым дзеляць. ІП не ўпісваюцца ў гэтую мадэль, яны ні ў каго нічога не просяць. Затое ствараюць пастаянныя праблемы, перыядычна пратэстуюць, мітынгуюць. У Лукашэнкі асабістыя рахункі з гэтым сацыяльным пластом, і цяпер ён іх зводзіць, - кажа палітолаг.
Аналітык мяркуе, што кіраўніка краіны не хвалюе далейшы лёс індывідуальных прадпрымальнікаў.
Ён нагадвае, што пастанова была прынятая яшчэ гады два-тры таму, калі сітуацыя ў краіне была больш-менш нармальнай. Цяпер улады не хочуць прызнаваць, што памыліліся, і скасаваць указ №222.
- Для Лукашэнкі прадпрымальнікі - чужыя людзі. Вось зачыняць дзяржпрадпрыемствы і звольняць людзей, якія працуюць там, для яго праблема, - мяркуе экспэрт.
Тым не менш, на думку палітолага, у «іпэшнікаў» ёсць шанец дамагчыся скасавання ўказу №222.
- Калі будуць дастаткова моцныя і актыўныя пратэсты, і яны будуць нарастаць, то, магчыма, улады пойдуць на саступкі. Інакш усё застанецца як ёсць, - прагназуе Валерый Карбалевіч.