BE RU EN

Аб'яднанню Някляева адмовілі ў рэгістрацыі

  • 17.03.2016, 16:32

Са словаў палітыка, у рэгістрацыі адмоўлена з фармальных прычынаў.

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскаму грамадскаму аб'яднанню «За дзяржаўнасць і незалежнасць!», паведамляе БелаПАН са спасылкай на словы аднаго з ініцыятараў стварэння арганізацыі, кандыдата ў прэзідэнты на «выбарах» 2010 года, паэта Уладзіміра Някляева.

З ягоных слоў, у рэгістрацыі адмоўлена паводле фармальных прычын.

«Фармальна рух называецца РДАГА «За дзяржаўнасць і незалежнасць!» (Так у статуце і ў пратаколе ўстаноўчага сходу), а вось у спісе заснавальнікаў гэтага «РДАГА» няма, там напісана: «Грамадскае аб’яднанне «За дзяржаўнасць і незалежнасць!». У Мінюсце нібыта не зразумелі, што гэта адна і тая ж арганізацыя, і палічылі спіс заснавальнікаў несапраўдным», - распавёў Някляеў.

«Але, зразумела, усё яны выдатна зразумелі, - дадаў ён. - А калі б і не - маглі патэлефанаваць, напісаць, каб удакладніць. Калі перарэгістраваўся Саюз пісьменнікаў, з якімі Лукашэнка разлічваў у той час сябраваць, да мяне з Мінюста па пяць чалавек за дзень звярталася: «А вось тут, Уладзімір Пракопавіч, не тая літара, а вось тут не тая загагуліна...» І самі ўсё перапісвалі».

Зрэшты, мяркуе палітык, «Мінюст тут ні пры чым».

«Усе мы ведаем, хто ў Беларусі ўсіх рэгіструе ці не рэгіструе, саджае ці не саджае. Хоць Някляева, хоць Чыжа», - распавёў ён.

Акрамя Някляева заснавальнікамі руху выступілі першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, першая беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі і многія іншыя вядомыя палітыкі, дзеячы культуры, грамадскія дзеячы. Аднак, як мяркуе Някляеў, «справа не ў тым, каму адмовілі».

«Справа ў тым, у чым адмовілі, - падкрэсліў ён. - Беларуская дзяржава адмовіла ў грамадскай ініцыятыве, накіраванай на захаванне дзяржаўнасці і незалежнасці краіны! І гэта пры відавочнай небяспецы для нашай незалежнасці і дзяржаўнасці».

«Гэта не проста парадокс. І не проста чарговы плявок у бок грамадзянскай супольнасці, чых на свабоду, дэмакратыю, права. Гэта канстатацыя таго, як мы рэальна існуём: грамадства і дзяржава. Асобна. У паралельным свеце», - рэзюмаваў Някляеў.

Ён не бачыць сэнсу праводзіць новы ўстаноўчы сход і зноў падаваць дакументы не рэгістрацыю ў Мінюст.

«Як паказвае досвед усіх незарэгістраваных арганізацый, гэта бессэнсоўная хада па колу. Мы зарэгіструем рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі!» як міжнароднае аб'яднанне. У Лукашэнкі як бы абавязак, а ў нас - права, грамадзянскі абавязак змагацца за Беларусь. Мы многае можам для яе зрабіць - і зробім. Хто б нам ні спрабаваў перашкодзіць», - дадаў палітык.

Устаноўчы сход руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі!» адбыўся ў студзені, праз месяц дакументы былі пададзеныя ў Мінюст. Някляеў тады меркаваў, што «ўлада не зможа знайсці пераканаўчае тлумачэнне адмовы ў рэгістрацыі патрыятычнага грамадскага аб'яднання, мэта якога - захаванне і ўмацаванне дзяржаўнасці і незалежнасці краіны».

Апошнія навіны