Расейцы прысудзілі Надзею Саўчанку да 22 гадоў
- 22.03.2016, 16:58
Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці прысудзіў ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку да 22 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Расейскі суд прызнаў Надзею Саўчанку «вінаватай паводле часткі 5 артыкула 33 КК РФ, пунктаў «а», «е», «ж» і «л» часткі 2 артыкула 105 КК РФ (дапамога ў забойстве дзвюх і больш асоб) і незаконным пераходзе мяжы», паведамляе «Медиазона».
Абвінавачванне ў «замаху на жыццё мірных жыхароў Луганскай вобласці Украіны» суд зняў. Пасля прызнання вінаватай, але да абвяшчэння тэрміну, як паведамляе «Радыё Свабода», Надзея Саўчанка пачала спяваць украінскую народную песню «Ой, косы, косы вы мае». Аднак, слова «косы» яна замяніла на «суды»: «Ой, суды, суды вы мае. Больш судзіць не будзеце». У выніку, суддзя абвясціў на некалькі хвілін перапынак.
Калегія з трох суддзяў - старшынюючага Леаніда Сцепаненкі, Алі Хайбулаева і Яўгеніі Чарныш - таксама палічыла, што статус дэлегаткі ПАРЕ не абавязвае вызваліць грамадзянку Украіны, бо «быў прысвоены ёй ужо пасля арышту».
У судзе таксама палічылі, што алібі Саўчанкі не даведзенае, нягледзячы на пададзеныя абаронай пераканаўчыя довады таго, што расейскія журналісты былі забітыя ўжо пасля паланення Саўчанкі баевікамі «ЛНР».
Абвяшчэнне прысуду пачалося раніцай 21 сакавіка, у судзе ўзмацнілі захады бяспекі. Пракуратура раней запатрабавала для Саўчанкі 23 гады пазбаўлення волі, сама лётчыца поўнасцю адмаўляе сваю віну. Таксама яна заяўляла, што не прызнае прысуд і, адпаведна, не будзе яго абскарджваць. Саўчанка паабяцала пачаць сухую галадоўку як толькі судовы вырак увойдзе ў дзеянне.
Еўразвяз, ЗША, Украіна і іншыя краіны патрабавалі ад расейскіх уладаў выдаць Кіеву Саўчанку, у адказ на гэта Крэмль заяўляў аб недапушчальнасці ўмяшання ў судовы працэс. Вызваліць лётчыцу заклікаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.
Паводле звестак Deutsche Welle, міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, які вечарам 22 сакавіка прыедзе ў Маскву на перамовы з прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым, будзе, у тым ліку, абмяркоўваць пытанне аб украінскай лётчыцы.