Ствараецца энцыкляпэдыя БНР
- 24.03.2016, 15:39
Гісторык Анатоль Сідарэвіч распачаў працу над энцыкляпэдый Беларускай Народнай Рэспублікі, куды павінны ўвайсьці жыцьцяпісы ўсіх яе дзеячоў.
Кніга плянуецца да выданьня ў 2018 годзе, калі будуць адзначацца 100-я ўгодкі з дня абвяшчэньня БНР. Сёньня гісторык — госьцем перадачы «Радыё Свабода».
— Спадар Анатоль, цэлая энцыкляпэдыя ствараецца адным чалавекам. А чаму гэта ня плянавая тэма ў акадэмічным Інстытуце гісторыі? Ці там не засталося адпаведных спэцыялістаў?
— Найперш хачу выказаць падзяку Інстытуту гісторыі і нашым афіцыйным гісторыкам за тое, што яны дамагліся ад уладаў, каб пытаньне БНР стала, прынамсі, дыскусійным, а не канчаткова вырашаным. Сёньня ў нас можна дыскутаваць, публікаваць матэрыялы. А калі б пытаньне «канчаткова вырашылі», як было пры бальшавіках («БНР — контррэвалюцыйная акцыя»), то і дыскусіі былі б пад забаронай, і дакумэнты нельга было б публікаваць. На жаль, няма ў Інстытуце гісторыі аддзелу ці сэктару БНР. Але добра і тое, што ўжо ня бэсьцяць імёны тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі. Цяпер у афіцыйным друку пішуць станоўча — і пра братоў Луцкевічаў, і пра Язэпа Лёсіка, і пра іншых. Выглядала б нонсэнсам у незалежнай дзяржаве лаяць тых, хто змагаўся за яе незалежнасьць.
— А што ўяўляцьме зь сябе ваша энцыкляпэдыя?
— Гэта будзе не ўнівэрсальная энцыкляпэдыя, а энцыкляпэдычны даведнік імёнаў: дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, сябры Рады БНР, народныя сакратары і народныя міністры БНР, дыпляматы БНР, консулы, паўнамоцныя прадстаўнікі і паслы БНР у іншых краінах. Будуць там і біяграмы тых дзеячоў літаратуры і мастацтва, якія мелі дачыненьне да БНР, мелі адносіны зь яе дзеячамі. Скажам, паэт Янка Купала, відны публіцыст таго часу Самуіл Плаўнік (Зьмітрок Бядуля), Уладзімер Тэраўскі — аўтар музыкі гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»... Сказаць папраўдзе, у той час на баку бальшавікоў былі нямногія дзеячы літаратуры і мастацтва — апрача Цішкі Гартнага і Янкі Нёманскага, мне цяжка яшчэ каго-небудзь назваць.
— А які часавы пэрыяд вы ахопліваеце ў сваёй энцыкляпэдыі?
— Я ахопліваю пэрыяд ад Зьезду беларускіх арганізацый у сакавіку 1917 году да кастрычніка 1925-га, калі самараспусьціўся ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам, а застаўся толькі прэзыдыюм Рады БНР на чале зь Пятром Крэчэўскім. Гэты пэрыяд я і бяру. Рыхтую жыцьцяпісы тых дзеячоў, якія тады жылі і працавалі, а некаторыя памерлі ўжо ці загінулі. Разумееце, яшчэ не прыйшоў час напісаньня поўнай гісторыі БНР. Вось я паглядзеў нядаўна выдадзеную працу Дароты Міхалюк — яна залішне сьціслая, многае там патрабуе ўдакладненьняў, паправак і нават зьмяненьняў. Таму да самой колькітамовай акадэмічнай гісторыі БНР яшчэ далёка.
— Ці маеце вы доступ да ўсіх патрэбных вам архіваў? Ці знаходзяцца нейкія зьвесткі, якія карэнным чынам змусілі вас зьмяніць стаўленьне да таго ці іншага дзеяча БНР?
— Ня ўсе архівы ў нас адчыненыя, той жа архіў КДБ. А там, я больш чым упэўнены, захоўваецца нямала дакумэнтаў пра дзеячоў БНР — справа Саюзу вызваленьня Беларусі, справа Беларускага нацыянальнага цэнтру... Карэнным чынам зьмянілася маё ўяўленьне, напрыклад, пра архітэктара Лявона Дубейкаўскага. Ён быў дыпляматычным прадстаўніком БНР у Варшаве і старшынёй варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэту. Знайшліся публікацыі, зь якіх вынікае, што ён ня вельмі добра паводзіў сябе ў дачыненьні да Браніслава Тарашкевіча. Калі гаварыць больш канкрэтна — разам з былым міністрам замежных спраў БНР Аўгенам Ладновым напісаў і надрукаваў у газэце «Kurjer poranny» публічны палітычны данос на Тарашкевіча. З другога боку, бываюць і больш прыемныя адкрыцьці. Скажам, мне цікава было даведацца, што восеньню 1918 году ў склад Рады ўвайшлі прадстаўнікі партыі кадэтаў, сярод якіх вядомы Ўладзімер Самойла і зусім невядомы мне Міхаіл Бурнашоў (ён мяне зацікавіў асабліва). Пра існаваньне некаторых радных БНР я проста не здагадваўся. А цяпер, папку за папкай праглядаючы матэрыялы фонду 325 у Нацыянальным архіве, раблю для сябе цікавыя дапаўненьні і ўдакладненьні. Вельмі цікавая праца.
— У свой час вы пазнаёмілі мяне з Зоськай Верас, за што я вам да гэтай пары ўдзячны. А ці ведалі вы тады, у канцы 80-х, пра яе ролю ў гісторыі БНР? Ці ўсьведамлялі, што седзіце і размаўляеце зь сябрам Рады БНР?
— Я гэтага ня ведаў, і дзякуй Богу! Калі б я запытаў у Зоські Верас пра Раду БНР, то, пэўна, яна б западозрыла, што я падасланы адпаведнымі службамі. Ці калі б я пачаў распытваць у яе пра дзейнасьць Менскага гарадзкога камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады, дзе яна была разам з Аркадзем Смолічам (ён быў старшынёй). Як цяпер высьвятляецца зь перапіскі Зоські Верас, яна старанна зацяняла сваю палітычную дзейнасьць. І яе трэба зразумець. Сын і зяць Людвікі Антонаўны прайшлі праз ГУЛаг, людзі, зь якімі яна супрацоўнічала, у асноўнай масе калі не былі расстраляныя, то таксама прайшлі праз ГУЛаг. Таму яна проста мусіла сьцерагчыся.
— Мусіла сьцерагчыся, але дакумэнты ня зьнішчыла, захавала і перадала ў верныя рукі. Я маю на ўвазе пратаколы беларускіх зьездаў 1917 году. А калі вы пачалі ўсурʼёз цікавіцца БНР?
— Канкрэтна па тэме я стаў працаваць у віленскіх архівах з 1983 году. Тое, што ў Менску было засакрэчана і недаступна, у Вільні можна было паглядзець, скажам, у знакамітым фондзе 21 Бібліятэкі імя Ўрублеўскіх. Прыкладна тады ж мне паказалі ў Літоўскім дзяржаўным архіве цэлыя гурбы папак зь беларускімі дакумэнтамі. Зірнуўшы на іх, я сказаў: «Тут жыцьця ня хопіць, каб іх апрацаваць». Дзякуй Богу, цяпер яны ўпарадкаваныя, і дзякуй Сяргею Шупу, які склаў і выдаў дзьве кнігі «Архіваў БНР».
— Як склаліся лёсы ініцыятараў і кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі?
— У асноўным трагічна. Мала хто памёр сваёй сьмерцю. Давайце возьмем прэмʼер-міністраў і старшыняў Рады БНР. Першы старшыня Рады Янка Серада быў арыштаваны ў 1930 годзе і бясьсьледна згінуў. Прэмʼер-міністар Раман Скірмунт — забіты рэвалюцыйна настроенымі сялянамі. Прэмʼер-міністар Антон Луцкевіч — памёр у зьняволеньні ў савецкай турме. Прэмʼер-міністар Вацлаў Ластоўскі — расстраляны ў 1938 годзе. Прэмʼер-міністар Аляксандар Цьвікевіч — расстраляны ў 1937-м. Гэта толькі першыя асобы, ня кажучы ўжо пра віцэ-прэмʼераў, як, скажам, Аркадзь Смоліч, які таксама быў расстраляны. Сёй-той пасьпеў выехаць за мяжу і там ацалеў. Мы ведаем, што ў Празе на Альшанскіх могілках пахаваныя старшыні Рады БНР Пятро Крэчэўскі і Васіль Захарка. На жаль, я да гэтай пары не магу знайсьці магілу Язэпа Варонкі — старшыні першага ўраду БНР. Праўда, яе ўжо ў мінулым стагодзьдзі беларускія эмігранты не маглі знайсьці. Варонка пахаваны на праваслаўных могілках у Чыкага, але дзе — ніхто ня ведае. Безвынікова таксама я шукаў магілу дыпляматычнага прадстаўніка БНР Янкі Чарапука ў тым жа Чыкага. З пэўнай асьцярогай трэба ставіцца да некаторых ранейшых даведнікаў. Так, напрыклад, у беларускіх даведніках пішацца, што старшыня Рады БНР Язэп Лёсік памёр ад сухотаў у турме, а ў расейскамоўнай Вікіпэдыі — што ад голаду, таксама ў турме. Гэта цікава, бо я памятаю, як органы дзяржбясьпекі паведамлялі, што ксёндз Адам Станкевіч (сябра Рады БНР) памёр у Тайшэтлягу «от ожирения сердца». Мы цяпер ведаем абставіны сьмерці айца Адама. Хутчэй за ўсё, пад эўфэмізмамі «памёр ад сухотаў», «памёр ад голаду» хаваецца расстрэл. І Лёсік, мяркую, таксама быў расстраляны. Імёны і даты можна пералічваць доўга, гаворачы пра нашу нацыянальную трагедыю.
— Вы гаварылі, што ўлада дазволіла дыскутаваць тэму БНР, афіцыйныя гісторыкі станоўча пішуць пра стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. А што перашкаджае той самай уладзе пайсьці далей і прызнаць БНР сваёй папярэдніцай?
— Першая і галоўная перашкода — беларуская ўлада азіраецца на Маскву. Азіраючыся на Маскву, яна зьняла зь дзяржаўных флягштокаў бел-чырвона-белы сьцяг, зьняла зь дзяржаўных фасадаў «Пагоню». Усё для таго, каб атрымліваць ад Масквы субсыдыі і танныя крэдыты. А другіх перашкодаў я і ня бачу. Раней у сяго-таго пры ўладзе былі камуністычныя замарочкі ў галаве. Цяпер, здаецца, яны прайшлі. І ў Інстытуце гісторыі даўно няма гісторыкаў накшталт Петрыкава. Так, застаецца пэўная інэрцыя. Скажам, Менскі выканкам даўно абяцаў назваць вуліцу ў гонар братоў Луцкевічаў, але да гэтага часу свайго абяцаньня ня выканаў. Ня грэх было б назваць вуліцу і імем Аркадзя Смоліча, які ў свой час быў сябрам Менскай гарадзкой думы.
— Гісторыя не прызнае ўмоўнага ладу. І ўсё ж уявім, што 25 сакавіка 1918 году не была б абвешчаная незалежнасьць БНР. У які бок магло б закруціцца кола беларускай гісторыі?
— Кола беларускай гісторыі магло спыніцца на аўтаноміі. Беларусь стала б аўтаномнай адзінкай Расеі. А з абвяшчэньнем незалежнасьці БНР была пастаўленая тая вешка, за якую назад не адступіш. І беларускія камуністы з поўным правам ставілі пытаньне пра самастойную (няхай сабе савецкую, падбальшавіцкую) Беларускую рэспубліку. Што і было зьдзейсьнена. Разумееце, ад 25 сакавіка 1918 году Беларусь ужо не зьяўлялася часткай Расеі. Спачатку была абвешчаная БНР, потым — Савецкая Беларусь, потым Літоўска-беларуская савецкая рэспубліка, а ў 1920-м — зноў Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. Хоць гэта і была, кажучы словамі паэта Ўладзімера Жылкі, саступка з бою, але бальшавікі фармальна прызналі права Беларусі на самастойнасьць. Сталін у 1922 годзе спрабаваў зрабіць савецкія рэспублікі аўтаноміямі, але тут на абарону іх няхай квазі-незалежнасьці выступіў Ленін. І фармальна яны засталіся самастойнымі, і зь іх быў створаны СССР. Калі б Рэспубліка Беларусь не паўстала на развалінах Савецкага Саюзу, хто б яе прызнаў у 1991–92 гадах? Каб не БНР, мы маглі апынуцца на ўзроўні Башкартастану, Татарстану ці Чувашыі. Такая лёгіка гісторыі.