BE RU EN

Белы дом запатрабаваў неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку

  • 8.03.2016, 16:31

Раней такую ж заяву зрабіў Дзярждэп ЗША.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Расею «зрабіць правільны выбар», зняць усе абвінавачванні з грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанкі і неадкладна вызваліць яе.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве Белага дома, паведамляе «Радыё Свабода».

«Сёння, калі мы адзначаем Міжнародны жаночы дзень і аддаём належнае ўсім адважным жанчынам, якія змагаюцца супраць несправядлівасці ў гэтым свеце, мы таксама стаім побач з Надзеяй і ўкраінскім народам», - заявіў Байдэн.

«Надзея была незаконна скрадзеная ў Расеі і паўстала перад судом паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў. Надзея з гонарам служыла сваёй краіне як чалец украінскіх узброеных сіл, удзельнічала ў баявых дзеяннях ва ўсходняй частцы Украіны, калі яна была выкрадзеная баевікамі і вывезеная за мяжу супраць яе волі», - нагадаў віцэ-прэзідэнт ЗША.

«Цягам апошніх 20 месяцаў яна стала сімвалам украінскага нацыянальнага гонару і сілы. Яна была нават абраная ў Раду, знаходзячыся ў турэмнай камеры», - дадаў Байдэн.

Ён адзначыў, што незаконнае далейшае ўтрыманне Надзеі Саўчанкі пад вартай з'яўляецца «відавочным парушэннем» абавязацельстваў Расеі ў менскіх пагадненнях. Байдэн заклікаў Расею «зрабіць правільны выбар» і неадкладна вызваліць Саўчанку.

«Надзея заслугоўвае таго, каб вярнуцца дадому да сваёй сям'і і сяброў і далучыцца да чальцоў Вярхоўнай Рады, каб пачаць фармаваць новую Украіну», - падкрэсліў Байдэн.

Некалькімі гадзінамі раней Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што глыбока занепакоены станам здароўя ўкраінскай лётчыцы і дэпутата Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанкі, якая з 4 сакавіка адмовілася ад прыёму ежы і вады на знак пратэсту супраць яе затрымання Расейскай Федэрацыяй.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Кэры, апублікаванай на сайце Дзярждэпу ЗША, паведамляе zn.ua.

Са словаў Кэры, суд над Саўчанкай і яе арышт «дэманструюць грэбаванне міжнароднымі стандартамі, а таксама абавязкамі Расеі ў рамках Менскіх пагадненняў».

«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць Расею неадкладна вызваліць Саўчанку і вярнуць яе ва Украіну», - гаворыцца ў паведамленні Джона Кэры.

Ён падкрэсліў, што за 20 месяцаў, якія прайшлі з таго часу, як Надзея Саўчанка была захопленая ў палон ва ўсходняй Украіне і вывезеная ў Расею, украінская лётчыца мужна перанесла допыты, адзіночнае ўтрыманне і прымус да псіхіятрычнай экспэртызы.

Нагадаем, што ў апошнія некалькі дзён ва Украіне і шмат якіх гарадах свету праходзяць шматлікія акцыі з патрабаваннем вызваліць Надзею Саўчанку.

Апошнія навіны