BE RU EN

Добраахвотніку «Правага сектара» Аватараву пагражае сем гадоў турмы

  • 25.04.2016, 15:14

Пракурор выставіў новае абвінавачанне падсуднаму беларускаму байцу, які ваяваў у добраахвотным батальёне «Правага сектара».

У Фрунзенскім раёне Менска прадаўжаецца суд над беларускім добраахвотнікам «Правага сектара» Тарасам Аватаравым. Згодна з новым абвінавачаннем пракурора, Аватараў вінаваты ў незаконных дзеяннях са зброяй, што падпадае пад частку 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса, і ў незаконным перавозе зброі праз мяжу – частка 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Радыё Свабода».

Тарас АВАТАРАЎ
ФОТА: SVABODA.ORG

Пасля азнаямлення з абвінавачваннем падсудны павінен гэта засведчыць подпісам. На азнаямленне суд даў Тарасу Аватараву пяць дзён і зрабіў у працэсе перапынак да 3 траўня.

Чым адрозніваецца новае абвінавачванне ад ранейшага, патлумачыў журналістам пракурор Аляксандр Мірончык:

«Абвінавачванне адмовілася ад адной з кваліфікацыйных прыкмет злачынства - што Аватараў не задэклараваў правоз праз мяжу гранаты. Ва ўсім астатнім віна падсуднага бачыцца тая ж самая: незаконныя дзеянні з выбуховым самаробным прыстасаваннем на тэрыторыі Беларусі і правоз гэтай прылады праз мяжу», - заявіў Мірончык.

Тарас Аватараў з лавы падсудных заўважыў, што ўжо не згодны з адной пазіцыяй у новым абвінавачанні - што плошча паразы асколкамі самаробнай гранаты, якую ў яго знайшлі, нібы складае 150 квадратных метраў.

«Вы зможаце гэтаму запярэчыць, калі будзеце даваць ацэнку абвінавачванню ў паказаннях», - адказаў на рэпліку Аватарава пракурор Мірончык.

Тарас Аватараў пачаў даваць паказанні на мінулым тыдні, але яго перапыніла заява пракурора аб новым абвінавачанні.

Працэс над Тарасам Аватаравым адновіцца 3 траўня. Згодна з новым абвінавачаннем беларусу - добраахвотніку «Правага сектара» пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, жыхара Наваполацка Тараса Аватарава арыштавалі ў лістападзе 2015 года на чыгуначным вакзале Менска.

Апошнія навіны