На «Беларуськаліі» згарэў склад
- 22.05.2016, 9:50
Вытворчасць на 1-м рудніку ААТ «Беларуськалій» спыненая.
У Салігорску адбыўся пажар у будынку склада на тэрыторыі прамысловай пляцоўкі ААТ «Беларуськалій», паведамілі БелТА ў Менскім АУМНС.
Уначы 22 траўня паступіла паведамленне аб пажары ў складзе №6 грануляванага канцэнтрату і перагрузачнага вузла на прамысловай пляцоўкі 1-й рудаўправы ААТ «Беларуськалій».
У выніку пажару знішчаны будынак склада, пашкоджана 80 м канвеернай стужкі, дэфармаваныя металічныя канструкцыі будынка перагрузачнага вузла. Тэхналагічны працэс спынены. Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца.
Таксама ўначы 22 траўня ў Валожынскім раёне адбыўся пажар у цялятніку МТФ ААТ «Багданаўскі». У выніку пажару знішчаны дах на плошчы 50 кв.м, пашкоджанае перакрыцце на плошчы 150 кв.м. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС работнікі гаспадаркі эвакуявалі 135 цялятаў (узрост да 6 месяцаў).
Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца. За дзяжурныя суткі на тэрыторыі Менскай вобласці зарэгістраваныя 3 пажары ў Уздзенскім, Салігорскім і Валожынскім раёнах.