BE RU EN

Прафсаюзны актывіст з «Беларуськалію»: Загадалі «гнаць» у бюджэт валюту, не звяртаючы ўвагі на бяспеку

  • 23.05.2016, 17:16

Пажар на прадпрыемстве мог адбыцца праз нядбайнае стаўленне кіраўніцтва да тэхнікі бяспекі.

Уначы 22 траўня на «Беларуськаліі» адбыўся пажар - гарэў склад грануляванага канцэнтрату і перагрузачнага вузла на прамысловай пляцоўцы 1-й рудаўправы.

Для аднаго з работнікаў прадпрыемства, прафсаюзнага актывіста Аляксандра Малочкі, гэта ПП не стала сюрпрызам:

- Напярэдадні пажару, на адным са сходаў, работнік перагрузачнага вузла казаў пра вялікую колькасць праблем - галоўным чынам аб зносе абсталявання і недахопе матэрыялаў. І вось літаральна праз тыдзень там адбываецца пажар, - распавёў у каментары charter97.org Аляксандр Малочка.

Прычым перагрузачны вузел, з ягоных слоў, далёка не адзінае праблемнае месца на «Беларуськаліі». Цяпер прадпрыемства працуе ў такім рэжыме, што ніхто з кіраўніцтва не звяртае ўвагі на тэхніку бяспекі.

- Прывяду такі прыклад: на адным з участкаў з канвеера паводле вуснага загаду дырэктара знялі сістэму абароны. То бок, калі б раптам чалавек трапіў пад канвеер, сістэма абвесткі не спрацавала б. Гэта нечуванае парушэнне тэхнікі бяспекі. На сходзе я задаваў пытанне - хто будзе за гэта адказваць і калі з'явіцца пісьмовы загад? Мне адказалі, што ніякіх афіцыйных указанняў не будзе. На пытанне, хто пойдзе на допыт у Следчы камітэт, калі адбудзецца няшчасны выпадак, мне адказалі, што вінаватым застанецца майстар! - распавёў Аляксандр Малочка.

Са словаў прафсаюзнага актывіста, начальства хоча выціснуць з завода максімум пры мінімальных выдатках, абсалютна не задумваючыся пра тое, чым гэта можа пагражаць простым працаўнікам:

- Начальству паставілі задачу - забяспечыць краіну валютай, а якім чынам гэта будзе зроблена - нікога не хвалюе. І на бяспеку рабочых усім напляваць. З тых часоў, як дырэктарам прызначылі Івана Галаватага, на заводзе адбыліся два значныя ПП - спачатку ўпаў канвеер, затым адбыўся выбух у шахце. Вытворчасць так загналі, што нядзіўна, што адбываюцца няшчасныя выпадкі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на ўчастку, дзе адбыўся пажар, напярэдадні выраблялі зварачныя працы. Прычынай узгарання магло стаць парушэнне тэхнікі бяспекі.

Апошнія навіны