BE RU EN

Што чакае Беларусь, калі МВФ не дасць запаветны крэдыт на $3 мільярды?

  • 21.06.2016, 16:17

Прадстаўнікі МВФ прыехалі ў Беларусь і ўжо выказалі незадаволенасць паводзінамі беларускіх чыноўнікаў.

Місія Міжнароднага валютнага фонду, які 21 чэрвеня пачаў свой афіцыйны візіт у Беларусь, дала першую ацэнку стану спраў у беларускай эканоміцы.

Так, кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман напярэдадні заявіў, што афіцыйнаму Менску трэба «паскорыць і паглыбіць эканамічныя рэформы». Гэта азначае толькі адно - пакуль арганізацыя не гатовая даць Беларусі запаветныя 3 мільярды даляраў.

Чым могуць быць незадаволеныя прадстаўнікі фонду?

- Я сумняваюся ў тым, што беларускія ўлады выканалі ўсе патрабаванні МВФ, - заўважае ў каментары «Салідарнасці» фінансавы аналітык Уладзімір Тарасаў. - Магчыма, яны неяк па-свойму бачаць сітуацыю, але гэта не азначае, што гэтак жа мяркуюць аналітыкі фонду.

Са словаў экспэрта, крэдыторы жадаюць бачыць больш відавочныя рэформы з боку беларускіх чыноўнікаў.

- Магчыма, яны хочуць, каб камунальныя тарыфы ў Беларусі раслі больш хуткімі тэмпамі - бо тое павелічэнне, што адбылося, - гэта толькі першы этап. Цалкам магчыма, што МВФ прапануе давесці тарыфы для насельніцтва да 100% ад іх рэальнага кошту як мага хутчэй.

Яшчэ адзін момант, якім могуць быць незадаволеныя прадстаўнікі фонду, - гэта прыватызацыя, якая так і не пачалася.

- Тут у нас усё зусім дрэнна: як ніхто нічога не рабіў, так і не збіраецца рабіць, а МВФ чакае ўбачыць, што гэты працэс хаця б пачаў рухацца, - кажа Уладзімір Тарасаў.

Што ж здарыцца, калі беларускія чыноўнікі так і не змогуць напрацаваць на крэдыт?

- Ад крэдыту залежыць, на якую велічыню ўпадзе ВУП Беларусі ў 2016 годзе і якім будзе курс даляра, - адказвае фінансавы аналітык. - Калі мы атрымаем тры мільярды, то гэтыя грошы дазволяць ураду запаволіць тэмпы падзення эканомікі. Таксама не трэба будзе купляць валюту для выплаты запазычанасцяў - гэта дапаможа ўтрымаць курс рубля хаця б у межах 22 тысяч за даляр.

Калі ж крэдыт не дадуць, то будзе большае падзенне ВУП, а людзі ўбачаць у абменніках зусім іншы курс, мяркуе экспэрт.

- Прадоўжыцца падзенне заробкаў і скарачэнне колькасці працоўных месцаў, - падводзіць вынік Уладзімір Тарасаў.

Апошнія навіны